Пра тое, што ад перамены месцаў складнікаў сума не змяняецца



Гэта ж што дзеецца на свеце. Генерал-адстаўнік Мікалай Чаргінец болей не старшыня праўладнага саюза пісьменнікаў Беларусі. Так стараўся чалавек, так выслужваўся перад уладамі. Як пісаў у свой час Міхась Скобла, “з ведама Чаргінца імёны шэрагу найвядомейшых пісьменнікаў унесены ў так званыя “чорныя спісы” дзяржвыдавецтваў, пры маўклікай згодзе Чаргінца ў краіне закрыты сотні бібліятэк і беларускіх школ, ідзе напорыстая русіфікацыя ўсіх сфер жыцця.” Чаргінец быў адзіным старшынёй праўладнага саюзу пісьменнікаў Беларусі, які ўтварыўся ў 2006 годзе. Тады лаяльныя пісьменнікі выйшлі з Саюза беларускіх пісьменнікаў і ўтварылі свой праўладны саюз. І вось, нягледзячы на ўсе старанні, Мікалая Чаргінца замянілі іншай кандыдатурай. З’езд праўладнай арганізацыі прыняў рашэнне абраць новага кіраўніка. Відаць, Мікалай Чаргінец недастараўся. А, можа быць, проста трэба было пасаду вызваляць.

Цяпер старшыня праўладанага саюзу – былы міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч. Чым запомніўся Карлюкевіч? Ну, у першую чаргу тым, што ў 2020 годзе заняў пасаду кіраўніка газеты “Звязда” пасля адстаўкі тагачаснага рэдактара Паўла Сухарукава. Павал Сухарукаў падаў заяву на звальненне пасля таго, як жураналісты выдання сталі патрабаваць спыніць цэнзуру і даць магчымасць газеце друкаваць праўдзівую інфармацыю. Замест праўды журналісты атрымалі новага рэдактара. Цяпер Карлюкевіч будзе кіраваць лаяльнымі пісьменнікамі замест Чаргінца. Сам Чаргінец акрамя сваёй звышлаяльнасці вядомы яшчэ тым, што яго з першага разу не прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, паколькі ягоныя кнігі “ніякага дачынення да літаратуры не маюць”. Што ж, з гэтым цяжка паспрачацца, толькі ўбачыўшы назвы трох кніг Чаргінца: “Следствие продолжается”, “Финал Краба” і “Следствие продолжается. Финал Краба”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ