ЮНІСЕФ: вайна прывяла да перасялення больш за палову ўкраінскіх дзяцей
Адзін месяц вайны ва Украіне прывёў да перасялення 4,3 млн дзяцей – больш за палову ад 7, 5 млн дзіцячага насельніцтва краіны.
Пра гэта паведамляе ЮНІСЕФ, піша „Еўрапейская праўда”.
Больш за 1,8 млн. дзяцей пераехалі ў суседнія краіны як бежанцы. 2, 5 млн дзяцей сталі ўнутрана перамешчанымі асобамі ўнутры Украіны.
„Вайна пацягнула за сабой адно з самых хуткіх масавых перамяшчэнняў дзяцей з часоў Другой сусветнай вайны.
Гэта змрочная вяха, якая можа мець працяглыя наступствы для наступных пакаленняў. Бяспека, дабрабыт дзяцей і доступ да асноўных паслуг знаходзяцца пад пагрозай бесперапыннага жудаснага гвалту”, – сказала выканаўчы дырэктар ЮНІСЕФ Кэтрын Расэл.
Па дадзеных Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, з пачатку вайны 24 лютага ва Украіне загінулі 78 дзяцей, 105 атрымалі раненні. Аднак гэтыя лічбы прадстаўляюць толькі тыя справаздачы, якія ААН змагла пацвердзіць, а сапраўдная колькасць ахвяр сярод дзяцей, верагодна, значна вышэйшая.
Фота: ЕРА