Яўген Магда: Пры ўсіх стратах Украіна завяршае важны працэс пабудовы ўкраінскай нацыі



Лёс Украіны і пазіцыю Беларусі на фоне вайны ва Украіне абмеркавалі ўдзельнікі анлайн-сустрэчы экспертна-аналітычнага клуба на тэму «Вайна ва Украіне: позірк у будучыню».

Ацэнку сітуацыі ва Украіне даў дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі з Кіева Яўген Магда:

-Ці спадзяюся я, што мы хутка станем членамі ЕЗ і НАТА? Не. Бо я разумею, што ва ўмовах вайны ніхто нас туды хутка не прыме. Ці чакаю я хуткага прыпынення вайны з боку Расеі? Не. Нам пагражае сур’ёзная дэмаграфічная катастрофа. Але Украіна працягне здзіўляць. Я скажу галоўнае, на маю думку. Украіна зараз завяршае працэс фармавання ўкраінскай палітычнай нацыі. І поспехі ўкраінскіх вайскоўцаў у гэтым сэнсе маюць вялікую вагу.

Сузаснавальнік і дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі прагназуе ўкраінскае контрнаступленне на сярэдзіну красавіка і разважае над тым, як гэта адаб’ецца на Беларусі:

-Ва ўмовах, калі ў Расеі ўжо вычарпаныя рэзервы, Крэмль будзе дабівацца прамога ўдзелу нашых Узброеных сіл у дадзеным канфлікце. Гэта перспектыва бліжэйшых 10 – 14 дзён. На жаль, нягледзячы на адсутнасць нейкага рэальнага намеру беларускага боку прымаць непасрэдны ўдзел у гэтым канфлікце, трэба чакаць дастаткова сур’ёзных сацыяльна-палітычных наступстваў ужо ўнутры Беларусі. Бо відавочна, што Расея зацікаўленая ў выкарыстанні Узброеных сіл Беларусі толькі ў якасці гарматнага мяса.

Па словах удзельнікаў анлайн-сустрэчы, таксама застаецца вялікая пагрозы прымянення Расеяй супраць Украіны тактычнай ядзернай зброі.

Беларускае Радыё Рацыя