Беларусы просяць не атаясамліваць іх з афіцыйнай уладай
Вайна ва Украіне паўплывала на адносіны паміж украінскім і беларускім народамі. Стасункі сталі больш напружанымі. Аднак беларусы па-ранейшаму просяць не атаясамліваць іх з афіцыйнай уладай краіны і, нягледзячы ні на што, працягваюць на справах паказваць, на чыім баку яны ў гэтай барацьбе. Яны ствараюць батальёны, ідуць у тэрытарыяльную абарону, становяцца валанцёрамі, уключаюцца ў гуманітарную падтрымку. Відавочна, такую дапамогу адчуваюць і ўкраінцы, таму і адносіны паміж народамі паступова вяртаюцца да нармальных, даваенных.
Беларусы Аляксандр і Ганна, якія правялі ў бамбасховішчы пад Кіевам 2 тыдні, распавялі пра свае стасункі з украінцамі за гэты час:
– За гэтыя 15 дзён акупацыі і бясконцых абстрэлаў мы назіралі максімальную салідарнасць украінскага народа. Кожны чалавек у нашым падвале і суседніх стараўся аб’ядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму. Мы дзейнічалі супольна, дапамагалі кожнаму, хто меў патрэбу. І гэта тое, што ў выніку дапаможа Украіне перамагчы ў гэтай вайне.
Цяпер Аляксандр і Ганна спрабуюць наладзіць жыццё ў Польшчы, але працягваюць дапамагаць украінцам ужо там.
Беларускае Радыё Рацыя