Ці будзе жыць Беларусь? 



104-ы па ліку Дзень Волі адзначаецца ў вельмі стрэсавых умовах. Тысячы сапраўдных беларускіх патрыётаў знаходзяцца за кратамі. Сотні тысяч працаздольных беларусаў пакінулі краіну праз рэпрэсіі і згортванне грамадзянскіх свабодаў. Па дарогах нашай Беларусі перасоўваюцца калоны чужынскай вайсковай тэхнікі, якая нясе смерць украінскаму народу. Нашыя аэрапорты занятыя летакамі агрэсара. Беларускія выдавецтвы выкідаюць з памяшканняў, а на тэлевізіі гучыць нахабная чарнасоценская і беларусафобская прапаганда. Увесь гэты негатыўны фон дае мала падставаў для святкавання. І ўвогуле ўзнікае шмат пытанняў да таго, ці дагэтуль мы жывем у незалежнай і суверэннай краіне. Хоць турысты з Усходу пакуль што збольшага занятыя Украінай, але няма гарантыі, што яны пакінуць месцы сваёй дыслакацыі пасля вайны. Украіна, без сумневу? выстаіць, але ці застанецца Беларусь на палітычнай мапе Еўропы ў бліжэйшай будучыні?

Украінскія СМІ паведамляюць, як расейская акупацыйная адміністрацыя на часова заваяваных тэрыторыях Луганшчыны, Данеччыны, Запарожжа ажыццяўляе рэйды па бібліятэках, у якіх канфіскуюцца кнігі па гісторыі Украіны, знішчаюцца па спісе ўкраінамоўныя выданні. Школы прымусова пераводзяцца на расейскую мову навучання. У Беларусі, хоць няма ваенных дзеянняў, адбываецца бадай тое самае. За нацыянальную сімволіку збіваюць і арыштоўваюць, здзекуюцца з мовы і гісторыі…

Кіраўніцтва РФ мысліць у шаблонах ХІХ стагоддзя, калі вайсковы кантроль за тэрыторыяй забяспечвае, на іх думку, функцыянаванне ўлады. Інакш кажучы, хто трымае пад прыцэлам насельніцтва, таго і ўлада. У гэтай карціне свету няма месца нацыі як супольнасці вольных грамадзянаў. Уладзімір Пуцін робіць фатальную памылку, калі думае, што ўвядзенне войскаў і дэмантаж цывільнай украінскай улады дасць магчымасць усталяваць на вякі расейскае панаванне на заваяваных тэрыторыях. Украінцы за апошнія дзесяцігоддзі навучыліся цаніць сваю волю і нават часовая прысутнасць чужой арміі і рэпрэсіі не выб’юць з іх украінскасць. У гэтым звязку беларусам трэба таксама браць прыклад з украінцаў: станавіцца гаспадарамі на сваёй зямлі, бараніць сваё і размаўляць на роднай мове. Незалежна ад таго, што там задумалі ў Крамлі, толькі ад народу залежыць, ці будзе жыць Беларусь. Як толькі народ гэта ўсвядоміць, нашая краіна стане вольнай і нас зноў пачнуць паважаць ва ўсім свеце.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ