Агляд прэсы: навязанае адзінства



Настроі ў войску Лукашэнкі далёкія ад узвышаных. Месяц вайне ва Украіне: заканчэння не прадбачыцца. Сустрэча ў вярхах: сіла ці слабасць? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў нашым аглядзе.

«Настроі ў войску самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вельмі далёкія ад узвышаных», – перадае ўкраінскае выданне «Укрінфарм» са спасылкай на вынікі даследвання Цэнтра стратэгічных камунікацый і інфармацыйнай бяспекі.

У распараджэнні Цэнтра стратэгічных камунікацый з’явіліся тры запісы тэлефонных размоваў украінцаў з вайскоўцамі з Беларусі. Двое з іх – дзейныя вайскоўцы і цяпер знаходзяцца на беларуска-ўкраінскай мяжы. Яшчэ адзін – сышоў з войска ў 2011 годзе. У Тэлеграм-канале Цэнтра выкладзены фрагменты кожнага дыялогу, а запіс можна паслухаць у поўным аб’ёме.

«У Цэнтры стратэгічных даследаванняў заяўляюць, што на падставе атрыманых перапісак, кожны з беларускіх байцоў думае хутчэй аб тым, каб не страціць жыццё гэтак жа марна, як і тысячы расейскіх захопнікаў», – адзначае «Укрінфарм» і цытуе прэс-афіцэра камандавання Сухапутных войскаў ВСУ Уладзіміра Фіцьё, які заявіў, што беларускія вайскоўцы плануюць здавацца ў палон у выпадку адпраўкі іх ва Украіну для ўдзелу ў вайне.

З 24 лютага Расея спрабуе захапіць Украіну, і да гэтага часу беспаспяхова. Мільёны людзей сталі бежанцамі, загінулі тысячы салдат і мірных жыхароў. Адны ўкраінскія гарады, такія як Марыупаль і Харкаў, у значнай ступені знішчаны ў выніку расейскіх авіяўдараў, іншыя, як сталіца краіны Кіеў, сур’ёзна пацярпелі. Да мірных перамоваў пакуль далёка – такія адзнакі еўрапейскай прэсы.

«Незалежна ад зыходу будучых перамоваў, Еўропе трэба страціць вельмі шмат», – такое меркаванне выказвае славенская газета Primorske novice.

«Падчас перамоваў будуць у першую чаргу абмяркоўвацца наступныя пытанні: што ўкраінцы гатовыя саступіць Расеі, якую кампенсацыю пагодзіцца выплаціць Пуцін за свае злачынствы, каб не паўстаць перад міжнародным судом, а таксама пытанне аб тым, якім чынам Расея будзе пакрываць матэрыяльную шкоду, нанесеную Украіне. Незалежна ад зыходу перамоваў, адным з галоўных бакоў, хто прайграе ў гэтым крызісе, будзе Еўропа. Нараўне з неабходнасцю прымаць і забяспечваць бежанцаў ёй давядзецца ўзваліць на свае плечы цяжар эканамічных санкцый і цэн на энерганосьбіты, якія растуць. А самым вялікім коштам для яе стане падвышэнне выдаткаў на абарону, апроч разумення таго, што зусім недалёка ад нас варочаецца цяжкапаранены мядзведзь», – адзначае славенскае выданне.

У чацвер у Бруселі адбыліся кансультацыі на ўзроўні краін НАТА, ЕЗ і Вялікай сямёркі. Галоўнай тэмай абмеркавання на саміце Паўночнаатлантычнага альянсу сталі далейшыя крокі на фоне вайны ва Украіне. Напярэдадні сустрэчы прэзідэнт Зяленскі зноў выказаў просьбу аб выдзяленні краіне цяжкіх узбраенняў. Просьба чарговы раз не была задаволеная. У той жа час краіны альянсу дамовіліся аб сур’ёзным падвышэнні сваіх абаронных бюджэтаў. Гішпанская газета El Mundo падкрэслівае адказнасць, якая ляжыць цяпер на альянсе.

«Найбуйнейшая ваенная арганізацыя ў гісторыі, сэнс існавання якой заключаецца ў абароне дэмакратычнага парадку і стрымліванні таталітарных пагроз, павінна адказна выкарыстоўваць сваю моц, калі па другі бок мяжы ёй супрацьстаіць такі імперыяліст-псіхапат, узброены ядзернай зброяй, як Уладзімір Пуцін. Усё змянілася, і сёння НАТА жывей, чым калі-небудзь раней і гатова абараняць каштоўнасці, за якія змагаецца Украіна і з-за якіх Расея ўварвалася ў яе межы. Гэтая вайна прынясе ліберальным дэмакратыям нямала новых выпрабаванняў, у якіх ім давядзецца даказаць сваю рашучасць і гатоўнасць ахвяраваць. Мы павінны з высока паднятай галавой прыняць выклік часу!», – падкрэслівае гішпанскае выданне.

Адна з мэт жорсткіх санкцый супраць Расеі – узмацніць унутраную апазіцыю прэзідэнту Пуціну і як мінімум, раскалоць яго асяроддзе. Прэса ацэньвае, наколькі гэта ўдалося зрабіць.

«Палітычная эліта Расеі згуртавалася вакол прэзідэнта», – піша кіпрская газета Phileleftheros.

«Нават тыя, у каго былі сумневы, не адважваюцца выказаць іх адкрыта. Кансэнсус унутры расейскага кіраўніцтва, які вынікае адсюль, умацоўвае пазіцыі Пуціна, паколькі выкараняе ўсякую надзею на тое, што яго можа зрынуць уласнае асяроддзе. Прэзідэнт Расеі выбудаваў вакол сябе трывалую сцяну падтрымкі, заснаваную на сумесі страху, рабалепства і карысці. Ніхто з расейскай эліты не жадае рызыкаваць галавой, становішчам ці багаццем, і ісці супраць Пуціна. Калі калісьці і былі слабыя сумневы наконт гэтага, то цяпер яны зніклі. Палітычныя змены ў Расеі не прыйдуць з пуцінскага асяроддзя», – прагназуе кіпрскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя