Дэпутат Валянцін Семяняка: Пытанні вайны не адносяцца да кампетэнцыі дэпутатаў



Жыхар Слоніма Алесь Масюк звярнуўся са зваротам да дэпутата Палаты прадстаўнікоў па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 Валянціна Семянякі.

У сваім звароце слонімец патрабуе “прыняць эфектыўныя і тэрміновыя меры па спыненню ваенных дзеянняў ва Украіне і прыцягненню да адказнасці ўсіх асобаў, якія вінаватыя ў трагедыі. Усе службовыя асобы, якія не выкарысталі свае паўнамоцтвы для супрацьдзеяння ўцягвання Беларусі ў вайну, нясуць адказнасць за злачынную бяздзейнасць”.

Алесь Масюк просіць дэпутата Семяняку: 1. Прадстаўляючы інтарэсы жыхароў сваёй акругі, выступіць з публічным асуджэннем ваеннай агрэсіі супраць Украіны і патрабаваць спынення агню, поўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. 2. Сабрацца на пазачарговую сесію і прыняць усе неабходныя прававыя акты, які забяспечваюць вывад расейскіх войскаў з нашай тэрыторыі і назаўсёды забараніць іх увядзенне…

Дэпутат Валянцін Семяняка напісаў адказ, у якім паведаміў, што “інфармацыі, які распаўсюджваюцца ў сетцы Інтэрнэт наконт удзелу Рэспублікі Беларусь у аперацыі, якую праводзіць Расейская Федэрацыя ва Украіне, не сапраўдныя. Беларусь заўсёды актыўна і паслядоўна выступала за мірнае ўрэгуляванне канфлікту ў паўднёвым усходзе Украіны, лічыць дыпламатычныя метады прыярытэтнымі і заўсёды садзейнічае гэтаму працэсу… Узнятыя ў Вашым звароце пытанні не адносяцца да кампетынцыі Палаты прадстаўнікоў і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Больш таго, Палата прадстаўнікоў не надзелена паўнамоцтвам ажыццяўлення кантролю за дзейнасцю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і ўмяшання ў іх дзейнасць…”.

Беларускае Радыё Рацыя