Беларусы Львова прапануюць прапрацаваць сістэмнасць дапамогі дыяспары
Прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі і Анатоль Лябедзька, а таксама прадстаўнік НАУ Валерый Мацкевіч і BYPOL Аляксандр Азараў наведалі Украіну.
У беларускім інфармацыйным цэнтры ў Львове яны сустрэліся з валанцёрамі з Беларусі, якія расказалі пра тое, як дапамагаюць Украіне.
Таксама ўздымаліся пытанні згубленых дакументаў у сувязі з тым, што польскае консульства пакінула Львоў. Паведамляецца, што падчас эвакуацыі дыпламаты забралі ўсе дакументы, у тым ліку пашпарты тых беларусаў, якія падаваліся на візу.
Таксама гаворка ішла пра тое, што беларусы хочуць прыехаць ва Украіну, каб валанцёрыць, дапамагаць ВСУ, украінскім медыкам, уступіць у батальён Каліноўскага, але з-за забароны на ўезд зрабіць гэта практычна немагчыма.
Беларусы Львова прапанавалі прапрацаваць сістэмнасць дапамогі дыяспары, каб фонды і ініцыятывы маглі мэтанакіравана дапамагаць беларусам і ўкраінцам, паведамляе Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай.