Валер Кавалеўскі: Вельмі важныя пытанні інфармацыйнай бяспекі, барацьбы з расейскай прапагандай
Госць Рацыі – Валер Кавалеўскі з офіса Святланы Ціханоўскай. Наш карэспандэнт пагутарыў з ім пра вынікі візіту прадстаўнікоў офіса Святланы Ціханоўскай у Кіеў.
РР: Распавядзіце, калі ласка, для чаго быў патрэбны гэты візіт у Кіеў?
Валер Кавалеўскі: Сапраўды вельмі важны быў візіт і вельмі своечасовы і менавіта ў гэтым быў сэнс гэтага візіту, бо прыйшоў час, нельга было больш адкладаць. Па розных прычынах гэтая паездка адкладалася літаральна месяцамі, бо ўкраінскі бок не быў гатовы перш за ўсё, кіруючыся нейкімі эканамічнымі, фінансавымі інтарэсамі. А зараз таксама насамрэч украінскі бок займае такую асцярожную пазіцыю, каб гэта не падштурхнула да нейкіх негатыўных наступстваў.
Але тым не менш мы вырашылі, што больш адкладаць няма куды, трэба быць там, дзе мы патрэбны нашым сябрам-украінцам, дзе мы патрэбны таксама беларусам, якія зараз застаюцца ў Кіеве і ў іншых украінскіх гарадах, якія са зброяй у руках змагаюцца супраць расейскай агрэсіі. Падтрымаць таксама валанцёраў сваім словам, сваімі дзеяннямі, нейкімі магчыма практычнымі рашэннямі. То-бок пытанне салідарнасці было цэнтральным, мы павінны быць там.
Па-другое, гэта, канешне, палітычны парадак дня. Трэба было сустрэцца з афіцыйнымі ўкраінскімі ўладамі дзеля таго, каб данесці сваю пазіцыю па тым, што адбываецца ў Беларусі, як насамрэч сапраўдная Беларусь глядзіць на гэты канфлікт, на гэтую вайну ва Украіне, і падкрэсліць тыя ацэнкі, якія мы даем – удзелу Беларусі ў вайне. Сапраўдная Беларусь супраць вайны, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй, што рашэнні, якія прымаюцца Лукашэнкам, прымаюцца без уліку нацыянальных інтарэсаў і волі народа. Тое, што робіць гэта пад кантролем Крамля, і фактычна краіна знаходзіцца ў стане акупацыі Расейскай Федэрацыяй.
Вось гэта самыя галоўныя мэты і, канешне, заўсёды тое, што прысутнічае ў нашых паездках, гэта неабходнасць усталявання адносінаў, кантактаў, развіццё гэтых адносінаў для таго, каб яны набывалі больш практычныя абрысы наколькі гэта магчыма.
РР: Вядома, не будзем распавядаць пра ўсе сустрэчы, але ці можаце акрэсліць найбольш важныя?
Валер Кавалеўскі: Я б пачаў з беларускага сегменту, бо для нас гэта было, бадай што, цэнтральнай мэтай – быць беларусамі там зараз. Адбылася сустрэча з беларускай дыяспарай у Кіеве, шмат людзей ужо выехала праз вайну, але некаторыя яшчэ засталіся, якія актыўна ўдзельнічаюць у інфармацыйнай працы, займаюцца валанцёрствам, у якіх ёсць бізнес, якія таксама спрабуюць дапамагаць, дзе магчыма. Таксама падобныя сустрэчы былі ў Львове з валанцёрамі, якія таксама працягваюць аказваць дапамогу і ўкраінцам, і беларусам. Не толькі нашым людзям, але і самім украінцам. І, канешне, адбылася яшчэ сустрэча з батальёнам Кастуся Каліноўскага, з нашымі беларускімі добраахвотнікамі, якія са зброяй у руках змагаюцца супраць агрэсіі. Гэта быў вельмі важны і карысны для нас досвед, размова. Спадзяемся, што гэты дыялог працягнецца на карысць абодвум бакам.
І, канешне, былі афіцыйныя сустрэчы, частка з іх была адкрытай, частка з іх засталася закрытай, пакуль што не публічнай. Я не буду паўтараць тое, што абмяркоўвалася ў Вярхоўнай Радзе, але для нас вельмі важныя пытанні інфармацыйнай бяспекі, барацьбы з расейскай прапагандай і дэзынфармацыяй. У нас зараз ёсць вельмі добрыя кантакты для таго, каб мы абменьваліся інфармацыяй, думкамі, збіралі пазіцыі дзеля таго, каб мы дапамогі ўкраінскім калегам разумець лепш беларускі кантэкст. Дзеля таго, каб іх мэсаджы, іх пасылы на Беларусь былі больш эфектыўныя, каб яны ўспрымаліся адэкватна беларусамі.
І вось я лічу, што гэты кампанент нашай паездкі, менавіта інфармацыйная праца, асвятленне падзей ва Украіне, а таксама праца з вайсковымі ў Беларусі, дзеля таго, каб яны разумелі, што іх чакае, калі дойдзе да ўдзелу ўжо ў наземнай аперацыі беларусаў у гэтай вайне, – гэта адзін з найбольш такіх практычных складнікаў нашага візіту.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя