У раёне ЧАЭС гараць тысячы гектараў лесу



У зоне адчужэння ў раёне ЧАЭС праз баявыя дзеянні гараць больш за 10 тысяч гектараў лесу, зафіксаваны 31 пажар. Гэта прыводзіць да падвышанага ўзроўню радыеактыўнага забруджвання паветра.

«Кантроль і тушэнне пажараў немагчымыя з-за захопу зоны адчужэння расейскімі войскамі, — паведаміла амбудсмен па правах чалавека Людміла Дзянісава. — У выніку гарэння ў атмасферу выдзяляюцца радыёнукліды, якія пераносяцца ветрам на значныя адлегласці. Гэта пагражае радыяцыяй Украіне, Беларусі і краінам Еўропы. З-за ветранага і сухога надвор’я інтэнсіўнасць і плошча пажараў павялічацца, што можа выклікаць звышмаштабныя пажары, з якімі цяжка справіцца нават у мірны час. Полымям могуць быць ахоплены сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва і сховішчы ядзерных адходаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Чарнобыльскай зоны».

Дзянісава звярнулася ў Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі з просьбай як мага хутчэй адправіць ва Украіну экспертаў і абсталяванне для тушэння пажару.

Дадамо, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, захопленай расейскімі вайскоўцамі, удалося правесці ратацыю персаналу, які знаходзіўся ў закладніках з першага дня вайны, піша «Украінская праўда». На станцыі ёсць запас прадуктаў, завезеных яшчэ да вайны.

Беларускае Радыё Рацыя