Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Беластоку
1 красавіка ў Беластоцкай галерэі «Арсенал» адкрываецца выстава беларускіх мастакоў «Калі сонца нізка — цені доўгія».
Дата: 1 красавіка
Час: 18.00 (час мясцовы)
Месца: галерэя «Арсенал», ul. Mickiewicza, 2, Беласток
У экспазіцыі:
Аляксандр Адамаў, Ірына Ануфрыева, Bazinato, Ян Гелда, Жанна Гладко, Сяргей Гудзілін, Эвеліна Домніч / Дзмітрый Гельфанд, Язэп Драздовіч, Захар Кудзін, Сяргей Лескець, Маша Мароз, Алёна Пазднякова, Ала Савашэвіч, Вольга Сазыкіна, Ганна Сакалова, Антон Сарокін, Маша Святагор, Уладыслаў Стшэміньскі, Сяргей Шабохін, Юра Шуст.
Куратарка — Ганна Карпенка.
Выстава «Gdy słońce jest nisko — cienie są długie / Калі сонца нізка — цені доўгія» прадстаўляе вобраз гістарычнага і сучаснага кантэксту беларускага мастацтва, раскрываючы сувязі між глыбока архаічнай прыродай чалавека ў сацыяльным, палітычным і культурным вымярэннях і нясмелым жаданнем разарваць заганнае кола рэпрэсіўных рэжымаў і іх сістэм.
Філосаф Ігар Бабкоў апісаў Беларусь як «каралеўства руінаў», спасылаючыся на гісторыю заняпаду і сіроцтва, спалучаную з незвычайным багаццем гэтага месца, якое так часта называюць «terra incognita» Еўропы.
«Руіны» вызначаюць межы вяртання любой цывілізацыі да «Прыроды». Цені мінулага выяўляюцца прадвеснікамі нашых спробаў інтэрпрэтаваць, візуалізаваць і ўхапіць след часу, спакутаванага адсутнасцю і пераследам. Чым даўжэйшыя цені, тым меншыя нашы шанцы спазнаць праўду пра рэчы, што іх адкідаюць.
Выстава працуе па 13 траўня.