Ганна Кандрацюк: Алесь Барскі прадстаўляў сусветную элегантнасць



Мікалай Ваўранюк пагутарыў з літаратаркай і публіцысткай тыднёвіка „Ніва” Ганнай Кандрацюк з нагоды смутнай падзеі – адыходу ў іншы свет паэта і літаратуразнаўцы Алеся Барскага.

Мікалай Ваўранюк: Ты была студэнткай Аляксандра Баршчэўскага, пісала ў яго магістарскую працу. Але я думаю, што аніводны беларус тут не можа не помніць прафесара Баршчэўскага.

Ганна Кандрацюк: Як думаю, што бальшыня людзей, якія нарадзіліся тут у другой палове дваццатага стагоддзя, маюць такія ж успаміны як і я. Школьныя аўтарскія творчыя сустрэчы… Я памятаю як дзесці ў 1970-ых, на іх пачатку, да нас у Ласінку прыехаў Алесь Барскі. Ён быў разам з нейкай прыгожай жанчынай, хіба асістэнткай. І на сустрэчу прыйшла цэлая школа, і гэтае выступленне напамінала нейкі такі сеанс, людзі проста замерлі, былі настолькі захоплены, і не толькі лірыкай, але і такім іміджам паэта. Ён прадстаўляў сабой знешнюю прыгажосць, сусветную элегантнасць, якая нам на вёсцы здавалася рэчаіснацю іншай планеты Так што гэта быў такі досвед лепшага свету. Кожны з нас думае таксама словамі Алеся Барскага: ведаем яго гімн „Мой беластоцкі край, мая айчына”, які гучыць заўсёды летам, калі адбываюцца розныя фестывалі і, што цікава, гэты гімн вызначае нават межы, дзе мы ёсьць, якія у нас захапленні, колеры і вартасці.

М. В: Гэта больш дэкляратыўная паэзія, але Алесь Барскі быў найперш лірыкам, які да тэмы спрадвечнай кахання звяртаўся часта. Ён быў дасканалым аратарам, прыгожа дэклямаваў свае вершы, але і выступаў экспромтам, без ніякіх картак.

Г.К.: Тым больш гэта быў такі паэт рамантычнай плыні. Нават калісьці спрачаліся мы, бо ішла такая легенда, што ён за ноч можа напісаць ажно 100 вершаў. Гэта быў такі фенамен, якому не паўтарыцца. І мы сёння ўжо разумеем, што мелі такіх паэтаў, якія не толькі былі класікамі пры жыцці, але і ўздымалі народ на вышыні…

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Ганны Кандрацюк