Супраць Міколы Статкевіча могуць пачаць новую справу (абноўлена)
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не збіраецца вызваляць палітычнага зняволенага, былога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча.
Паводле меркавання літаратара і публіцыста Уладзіміра Халіп, Лукашэнка не выпусціць Статкевіча з няволі да канца турэмнага тэрміну, а магчыма і пасля, як гэта практыкуецца ў Беларусі адносна палітычных зняволеных.
Прычыны гэтага ляжаць не ў сферы закону, а ў псіхалогіі Лукашэнкі, лічыць Уладзімір Халіп, у якога пасля Плошчы 2010 года дачка Ірына Халіп і зяць, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, прайшлі праз турмы:
– У адрозненні ад грамадзяніна Лукашэнкі, Мікола Статкевіч мае гонар і годнасць, а гэтага чалавек, які прабіўся да ўлады, яму ніколі не даруе. Ніякі суд не даказаў ніякай віны нікога з тых, хто ўдзельнічаў у Плошчы 2010 года – гэта ўвогуле ганьба для краіны, што гэткія прысуды выносяцца да гэтага часу.
Ніякіх спадзяванняў на вызваленне Міколы Статкевіча ў дадзенай сітуацыі, на жаль, няма. Толькі беларускае грамадства магло б яго абараніць, толькі пазіцыя сусветнай дэмакратыі магла б дапамагчы Статкевічу ў гэты цяжкі момант. Але, на вялікі жаль, на Захад, на сапраўдныя дэмакратычныя сілы ні мы, ні ён не могуць спадзявацца, – канстатуе Уладзімір Халіп.
Ціск на палітычнага зняволенага ў шклоўскай калоніі №17 рэзка ўзмацніўся. Гэта супала з выказваннямі кіраўніка Беларусі пра тое, што ён не збіраецца вызваляць Статкевіча. Як стала вядома жонцы зняволенага палітыка Марыне Адамовіч, за мінулы тыдзень адміністарцыя калоніі склала супраць яе мужа 8 актаў аб парушэннях:
– Яму адмовілі ў перадачы, у кароткатэрміновым спатканні, ён ужо адбыў тэрмін у ШЫЗА і з сённяшняга дня на два месяцы яго памяшчаюць у памяшканне камернага тыпу. Паколькі спагнанне – гэта толькі вершаліна айсберга, і яшчэ ёсць пяць актаў, на якія няма рэакцыі, то безумоўна гэтую справу, як ён напісаў, фармаваць будуць далей.
Па словах Марыны Адамовіч, у што гэта выльецца, цяжка прадказаць. Магчыма, Мікола Статкевіч зноў будзе кінуты ў турму ўзмоцненага рэжыму ці супраць яго пачнуць новую крымінальную справу за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Узмацненне ціску з’яўляецца цынічным адказам Лукашэнкі на патрабаванні еўрапейскіх палітыкаў, якія яшчэ спадзяюцца на эфемерную лібералізацыю ў Беларусі, якая дапаможа вызваліць палітычных зняволеных.
У лісце да жонкі палітвязень паведаміў, што 25-га сакавіка падпісаў заяву пра адмову ад незаконнай працы і даў пісьмовыя тлумачэнні.
Паводле Марыны Адамовіч, пакуль не зразумела, што гэта значыць. Яна збіраецца паехаць у калонію разам з адвакатам, каб высветліць, што будзе далей, хоць не выключае, што Мікалая Статкевіча зноў хочуць накіраваць з калоніі – ў турму:
– Я атрымала ліст, які Мікалай напісаў акурат на наступны дзень пасля таго, як зрабіў заяву аб адмове ад незаконнай працы. Ён напісаў, што супраць яго інтэнсіўна фарміруюць справу. Калі нагодай для таго, каб яго адправіць у турму, была бірачка, не прышытая ў штрафным ізалятары, дзе няма ні голкі, ні ніткі, то чаму ж адмова ад працы, хоць і цалкам незаконаая, не можа стаць такой нагодай, калі вельмі гэтага захацець.
“Ён з першага дня ў калоніі ўпэўнены, што не затрымаецца тут надоўга”, – дадае Марына Адамовіч.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Сваёй віны палітык не прызнаў, і адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота AFP