Пінскія ідэолагі супраць гісторыка Алеся Краўцэвіча



Пiнскiя iдэолагi забаранiлi правядзенне творчай сустрэчы з гiсторыкам Алесем Краўцэвiчам, паведаміў каардынатар серыі «Гарадзенская бібліятэка» Павел Мажэйка. Сустрэча і прэзентацыя новай кнігі гісторыка «Вялікае княства літоўскае 1248-1377 гадоў» мелася адбыцца ў Пiнскай цэнтральнай гарадской бiблiятэцы i была ўзгоднена з кiраўнiцтвам бiблiятэкi:

–  У выніку атрымалася такім чынам: там нам забаранілі, але грамадскасць Пінска зрабіла для нас сустрэчу ў адной сядзібе грамадскай арганізацыі. У Берасці пакуль цішыня.

Алесь Краўцэвіч адзначае, што неафіцыйная прычына адмовы – яго апазіцыйнасць да ўладаў.  Прэзентацыя ў Пінску ўсё ж адбылася, і гісторык спадзяецца, што далей улады замінаць яму не будуць:

– Была дамова з цэнтральнай гарадской бібліятэкай. І за тры гадзіны да сустрэчы нам адмовілі. А прычына была такая: нібы нечакана гарадскі райвыканкам запланаваў нейкае афіцыйнае мерапрыемства. А неафіцыйна гэта, вядома, звязана з годам прэзідэнцкіх выбараў. Але прыйшлі людзі, і мы вырашылі перанесці прэзентацыю ў іншае месца. Прэзентацыя была файная: прыйшлі зацікаўленыя людзі, купілі кніжкі, а я расказаў ім пра яе.

Кніга «Вялікае княства літоўскае 1248-1377 гадоў» Алеся Краўцэвіча разглядае праблемы гісторыі Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. 3 красавіка павінна прайсці сустрэча і прэзентацыя гэтай кнігі ў Берасці.

48455898397_n

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя