Бел-чырвоны маяк у Поці



Некалькі тыдняў таму атрымалася патрапіць у невялічкае падарожжа па узбярэжжы Чорнага Мора і бадай самай цікавай пабудовай, якую ўдалося пабачыць — гэта маяк у горадзе Поці.

Поційскі маяк, размешчаны ў партовым горадзе Поці, з’яўляецца самым высокім і адзіным свайго кшталту збудаваннем на ўзбярэжжы Грузіі.

Маяк быў узведзены яшчэ ў 1862 годзе. Аўтарам гэтага ўнікальнага праекту выступіў брытанскі інжынер, імя якога згубілася ў гісторыі і па сённяшні дзень застаецца загадкай. У Грузію поційскі маяк быў прывезены на караблі.

Зусім нядаўна, літаральна некалькі год таму, была праведзена капітальная рэстаўрацыя маяка, і зараз ён выглядае як новы. З першага погляду і не скажаш, што маяку ў партовым горадзе Поці 150 гадоў.

Маяк быў рэканструяваны з-за дрэннага стану, існавала вялікая пагроза разбурэння аб’екта.

Агульная вышыня маяка – 38 метраў. Поційскі маяк стаў адным з найбольш папулярных пунктаў турыстычных маршрутаў і бадай адной з галоўных архітэктурных славутасцяў горада.

На першым паверсе збудавання размясціўся невялікі, але пры гэтым вельмі цікавы музей гісторыі грузінскіх мараплаўцаў, у якім ёсць вялікая колькасць дзіўных прадметаў і артэфактаў, звязаных з мараплаўствам. Сярод іншага, у музейнай калекцыі прадстаўлены карціны, мадэлі судоў, карты сусвету і іншыя цікавыя прадметы.

Галоўнай асаблівасцю маяка ў партовым горадзе Поці з’яўляецца не толькі яго самавіты ўзрост, але і якасныя характарыстыкі. Маяк выкананы ў двухколернай гаме – чырвона-белай.

Днём маяк не дзейнічае і любы наведнік можа яго наведаць, аднак увечары і па начах велізарны ліхтар, плаўна паварочваючыся, ярка асвятляе сваімі агнямі то чырвоны, то белы бок. Сігнальнае асвятленне для маяка было зроблена ў Англіі.

Шлях наверх поційскага маяка ляжыць па кругавой лесвіцы, якая ўзнімаецца ўверх. З поційскага маяка адкрываецца вельмі цікавы від на ўвесь горад і мора. Вельмі раю ўсім наведнікам Грузіі патрапіць у горад Поці і абавязкова наведаць гэты маяк і пабачыць зверху як у мора ўліваецца канал-рэчка.

Андрэй Мялешка, Батумі-Поці, Беларускае Радыё Рацыя