У Беластоку ўручылі літаратурную прэмію імя Веслава Казанэцкага
У суботні вечар 2-га красавіка ў музычнай кавярні „Fama” адбылася чарговая цырымонія ўганаравання лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Веслава Казанэцкага.
У катэгорыі найлепшая кніга года ўзнагароду атрымалі два аўтары: Анджэй Стасюк за раман „Павозка” і Юстына Кулікоўска за паэтычны зборнік „Падарунак з Падляшша”.
Кажа лаўрэат Анджэй Стасюк:
– Дзеянні маёй апошняй аповесці адбываюцца недзе тут, адбываюцца над Бугам з аднаго і другога боку ў 1941 годзе на савецка-гітлераўскай мяжы. Гэта аповесць пра тутэйшыя ваколіцы, простых людзей, пра пахі дзяцінства, пра вёску і лютасць.
У намінацыі найлепшы агульнанацыянальны паэтычны дэбют года прэмію атрымала Марта Стахжалек за зборнік вершаў „Польскае абгортванне”.
Падзею пракаментавала беларуская паэтка Беласточчыны Міра Лукша:
– Гэта прэмія імя вялікага беластоцкага паэта Веслава Казанэцкага, якая ўручаецца ўжо 31-ы год. Яна мае значэнне для саміх аўтараў. Улада адзначае, ацэньвае аўтараў, гэта і грашовая падтрымка, але перадусім гэта прэстыжнае адзначэнне. Ну і кнігі лаўрэатаў пачынаюць лепш чытаць.
Прэмія прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага прысуджаецца літаратарам, чыё жыццё альбо творчасць звязаныя з Беластокам ды Падляшшам.
Беларускае Радыё Рацыя