465 гадоў Льву Сапегу
4 красавіка спаўняецца 465 гадоў з дня нараджэння дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, дыпламату і палітыка Льву Сапегі (1557-1633).
Нарадзіўся Леў Сапега ў магнацкай сям’і, якая мела ўплывовыя сваяцкія сувязі, валодала багатымі маёнткамі, што давала магчымасць зрабіць бліскучую кар’еру. Род Сапегаў быў праваслаўным, але Льва Сапегу ў 7-гадовым узросце аддалі вучыцца ў Нясвіжскую пратэстанцкую школу, дзе выкладалі запрошаныя ўладальнікам Нясвіжа Мікалаем Радзівілам Чорным вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Леў Сапега авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай, грэчаскай мовамі і быў падрыхтаваны да засваення тагачаснага ўніверсітэцкага курса. У 13-гадовым узросце ён паехаў у Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, знаёміцца з мастацтвам Рэнесансу. Пасля вяртання ў ВКЛ Леў Сапегу па хадайніцтве Мікалая Радзівіла Рудога прымаюць на службу да двара Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака.
У 1580 годзе, ва ўзросце 23 гадоў, Леў Сапега атрымаў пасаду сакратара гаспадарскага, а ў 1581 годзе пісара гаспадарскага ў Канцылярыі ВКЛ. У гэтым жа годзе ён выступіў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ — вышэйшага апеляцыйнага суда краіны. Са згоды Жыгімонта Вазы, пераемніка Стэфана Баторыя, Леў Сапега ўзначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статутам ВКЛ, выдатнага помніка юрыдычнай думкі, які быў надрукаваны ў 1588 годзе за ўласны кошт Сапегі з напісанымі да яго дзвюма прадмовамі: адна — зварот да Жыгімонта Вазы, другая — зварот да грамадзян ВКЛ.
Аўтарытэт Льва Сапегі ў ВКЛ быў вялікі, таму, нягледзячы на разыходжанні поглядаў на палітыку, Жыгімонт Ваза ў 1589 годзе назначыў яго канцлерам ВКЛ, гэту пасаду Леў Сапега займаў на працягу 34 гадоў. У 1621 годзе стаў таксама і ваяводам віленскім, а з 1625 года адначасова і вялікім гетманам літоўскім.
Да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зэльву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладанняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Навагрудчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладанняў. У яго ўладанні знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і іншыя. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты.
Леў Сапега падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі ў ВКЛ (1596), бо лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Разам з тым Леў Сапега быў катэгарычным праціўнікам гвалту, як сродка ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 годзе прыняў каталіцтва, быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. На яго час прыпаў перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у тым ліку Лівонскай вайне), ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі ВКЛ — сабраны на яго сродкі гусарскі полк удзельнічаў у бітве пад Вялікімі Лукамі і пры аблозе Пскова. Узначальваў пасольства ВКЛ па працягу дзеяння Ям-Запольскага міру (1582), заключыў мірныя дагаворы з Фёдарам Іаанавічам і Барысам Гадуновым (1600).
Праславіўся Леў Сапега і як мецэнат. На свае сродкі ён будаваў касцёлы (у т.л. Віленскі касцёл Міхаіла, дзе пасля быў пахаваны), уніяцкія і праваслаўныя цэрквы, адкрываў школы, шпіталі, прытулкі. У сваіх маёнтках ён сабраў каля 3 тысяч кніг. Апекаваў над мастакамі і літаратарамі. Паклаў пачатак ружанскаму архіву, а на схіле гадоў займаўся упарадкаваннем Метрыкі ВКЛ.
Льву Сапегу ішоў ужо сямідзесяты год, калі яму ўручылі булаву вялікага гетмана. Гэта значыла, што ён зрабіўся галоўным ваяводам войска Вялікага Княства Літоўскага. Час для нашай Бацькаўшчыны быў тады цяжкі. Шведскі кароль пераправіў на 75 караблях свае палкі праз Балтыйскае мора ды рушыў на Вільню і Полацак. Каб выставіць супраць ворага моцнае войска, Леў Сапега ахвяраваў усе свае грошы і маёмасць. Ягоны сын Ян таксама ўзброіў за свой кошт полк жаўнераў, які адважна біўся з захопнікамі. Планы шведскага караля далучыць Вялікае Княства Літоўскае да сваіх уладанняў не спраўдзіліся…
Імя Льва Сапегі на Беларусі шануюць. У 1995 годзе Белпошта надрукавала адмысловую марку, прысвечаную Льву Сапегу. 30 снежня 2010 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў абарачэнне памятныя манеты “Леў Сапега” серыі “Умацаванне і абарона дзяржавы”.
Імя Льва Сапегі носіць плошча ў Слоніме, каля Слонімскага драмтэатра пастаўлены яму помнік. 26 верасня 2007 году ў гонар Льва Сапегі сваю назву атрымала новая вуліца ў Менску, у мікрараёне Міхалова. Льву Сапегу ёсць помнік і ў Лепелі.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя