Украінскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу з Беларуссю
Украінскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу з Беларуссю ў Чарнігаўскай вобласці, паведамляе аператыўнае камандаванне „Поўнач” у Facebook.
Удакладняецца, што падраздзяленні ўкраінскай арміі забяспечваюць ахову дзяржаўнай мяжы ў раёне населеных пунктаў Дняпроўскае, Горск і Неданчычы. Гэта прымежныя сёлы – на захад і на поўнач ад Чарнігава. У аператыўнай зводцы Генштабу Узброеных сіл Украіны паведамляецца што ідзе вываз па чыгунцы і вайскова-транспартнымі самалётамі вайсковай тэхнікі Расеі з тэрыторыі Беларусі.
„У той жа час выяўлена перамяшчэнне асобных падраздзяленняў узброеных сіл рэспублікі ў напрамку дзяржаўнай мяжы Украіны. Не выключаецца правядзенне ратацыі падраздзяленняў, уцягнутых ва ўзмацненне аховы дзяржаўнай мяжы Беларусі”, – зазначаецца ў рэлізе.
Пра ўзяццё пад кантроль участка мяжы з Беларуссю ўкраінцы заявілі 3 красавіка пасля вызвалення ад расейскіх войскаў Кіеўскай вобласці, аднак падрабязнасці не паведамляліся.