Грамада падтрымала вылучэнне Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты (абноўлена)
Прэзідыум Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) падтрымаў кампанію па вылучэнню Таццяны Караткевіч кандыдатам у прэзідэнты.
Таццяна Караткевіч будзе прадстаўляць на прэзідэнцкіх выбарах кампанію па правядзенню ’’Народнага рэферэндуму’’.
Пра гэта паведаміў першы намеснік лідара „Грамады” Ігар Маслоўскі:
– Разглядалі гэтае пытанне на прэзідыўме. Запрашалі Таццяну, мы задалі ёй пытанні, а потом прагаласавалі. Кампанія, сябрам якой з’яўляецца Таццяна адначасова з’’яўляецца сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Таццяна Караткевіч была падтрыманая абсалютнай большасцю галасоў, – дадаў палітык.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Палітычная камісія Партыі БНФ прыняла рашэнне падтрымаць Таццяну Караткевіч у якасці супольнага кандыдата на пасаду прэзідэнта ад ініцыятывы „Народны рэферэндум”. Такое рашэнне прынята пасля сённяшняга пашыранага пасяджэння палітычнай камісіі Партыі БНФ з удзелам кіраўнікоў рэгіянальных партыйных арганізацый.
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў адзначае, што такое рашэнне прынята дзеля „захавання адзінства дэмакратычных сіл Беларусі”:
– Як мы бачым, на жаль, адзінства даўно ў апазіцыі няма. Я спадзяюся, і спадзяецца ўся Партыя БНФ, што гэты наш крок будзе прыкладам для іншых арганізацый у падтрымку адзінага кандыдата. Каштоўнасці, якія бараніла Партыя БНФ, для нас бясспрэчныя, і Караткевіч не адступіць ад гэтай пазіцыі.
Паводле Кастусёва, „падтрымка кандыдата ад „Народнага рэферэндуму” з боку Партыі БНФ будзе абумоўлена прынцыпамі абароны незалежнасці ды нейтральнасці Беларусі”. Рашэнне пашыранага пасяджэння палітычнай камісіі Партыі БНФ павінен зацвердзіць красавіцкі Сойм Партыі БНФ 25 красавіка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя