Вялікабрытанія замарожвае расейскія актывы на 350 мільярдаў даляраў
Улады Вялікабрытаніі замарожваюць расейскія актывы на суму 350 мільярдаў даляраў у сувязі з вайной РФ, якая працягваецца супраць Украіны. Афіцыйная заява ў сувязі з гэтым будзе зробленая да канца тыдня, паведаміла ў сераду, 6 красавіка, кіраўніца брытанскага МЗС Ліз Трас падчас візіту ў Польшчу. Пра гэта піша DW.
Паводле Трас, рэжыму ў Маскве больш недаступныя «больш за 60% валютных рэзерваў памерам 604 мільярды даляраў». Трас падкрэсліла, што «скаардынаваныя санкцыі адкідаюць расейскую эканоміку ў савецкую эру».
«Але мы можам і павінны зрабіць больш», — заявіла яна, заклікаўшы забараніць расейскім караблям заходзіць у заходнія парты і «ўзгадніць дакладны графік спынення імпарту расейскай нафты, вугалю і газу».