ЕЗ заплаціў РФ за газ у 35 разоў больш, чым вылучыў дапамогі Украіне



Еўразвяз заплаціў Расеі за энергарэсурсы ў 35 разоў больш, чым вылучыў Украіне на зброю з пачатку расейскага вайсковага ўварвання 24 лютага.

Пра гэта паведаміў вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па знешняй палітыцы Жазэп Барэль у Еўрапейскім парламенце, перадае euronews. Еўрапейскія краіны заплацілі Расеі 35 млрд еўра за энерганосьбіты з пачатку вайны ва Украіне. А, па словах Барэля, аб’ём фінансавай дапамогі Украіне быў у 35 разоў меншы.

„Мы павінны дапамагчы ўкраінцам абараніць сябе. Далі Украіне амаль мільярд еўра. Можа здацца, што гэта шмат, але мільярд еўра – гэта тое, што мы плацім Пуціну кожны дзень за энергію, якую ён нам пастаўляе”, – сказаў Барэль.

„Зяленскаму трэба, каб мы радзей казалі яму, што ён герой, і давалі яму больш зброі для барацьбы. Гэта тое, чаго чакаюць ад нас украінцы. Дапамажыце ім змагацца з сіламі ўварвання ўсімі наяўнымі ў нашым распараджэнні магчымасцямі”, – заклікаў Барэль.

6 красавіка Еўразвяз заявіў аб працягу паставак узбраення і ўвядзенне санкцый супраць Расеі. Пры гэтым Еўразвяз пазбягае прамога канфлікту з агрэсарам.