Польскі сейм прыняў папраўкі пра дапамогу беларусам, якія ўцяклі з Украіны ў Польшчу



Сейм Польшчы прыняў папраўкі пра дапамогу беларусам. Адна з іх прадугледжвае магчымасць выдачы гуманітарных візаў грамадзянам Беларусі, якія ўцяклі ў Польшчу з прычыны вайны ва Украіне.

Пры гэтым беларусы будуць вызваленыя ад збораў за гэты дакумент. Таксама прынятае рашэнне, якое тычыцца легалізацыі знаходжання грамадзян Беларусі пасля заканчэння тэрміну дзеяння іх гуманітарнай візы. Для іх будзе створаны новы від часовага побыту тэрмінам на тры гады.

„Уладальнікам такіх дазволаў таксама будуць выдавацца карты знаходжання без выплаты збораў”, — гаворыцца ў дакуменце. Адмова ў выдачы такога дазволу будзе адбывацца на агульных падставах.

Са студзеня 2023 году ўладальнікі дазволаў змогуць атрымаць польскі праязны дакумент для іншаземца, які дасць яму права свабодна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне і перасякаць вонкавыя межы Еўразвязу.

Удакладняецца, што грамадзяне Беларусі, якія маюць такую форму права на від на жыхарства, будуць вызваленыя ад неабходнасці мець дазвол на працу.