Вайна ва Украіне: загінулых на вакзале ў Краматорску ўжо паўсотні



Вызвалены ад расейскіх акупантаў горад Бучу пад Кіевам наведалі старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль і прэм’ер Славаччыны Эдуард Гегер.

У ноч на пятніцу выехалі ва Украіну з польскага прымежнага горада Пшэмысль. Ляен і Барэль сталі самымі высокапастаўленымі заходнімі чыноўнікамі, якія наведалі Украіну з пачатку вайны.

У Бучу, нагадаем, ад рук расейскіх вайскоўцаў загінулі больш за паўтары сотні мірных жыхароў. Між тым, колькасць загінулых на чыгуначным вакзале ў Краматорску дасягнула 50 чалавек. 12 з іх памерлі ў лякарні. Сярод ахвяраў — 5 дзяцей, паведаміў кіраўнік Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

Паводле ўкраінскага боку, расейцы мэтанакіравана ўдарылі па мірных людзях, якія чакалі эвакуацыі. Брытанская выведка паведамляе, што расейскія войскі цалкам выведзеныя з поўначы Украіны на тэрыторыю Беларусі і Расеі. Частка гэтых падраздзяленняў будзе перакінутая на ўсход Украіны для ўдзелу ў баях у Данбасе, і многія з іх будуць мець патрэбу ў папаўненні перад новым размяшчэннем.

«Любая масавая перадыслакацыя з поўначы зойме не менш за тыдзень», — адзначаецца ў заяве. Мінабароны Вялікай Брытаніі таксама паведаміла, што абстрэлы гарадоў на ўсходзе і поўдні Украіны працягваюцца, а расейскія войскі рушылі далей на поўдзень ад горада Ізюм, які застаецца пад іх кантролем.

Беларускае Радыё Рацыя