Павел Латушка: Патрэбна рэальная падтрымка



Госць Рацыі – кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка. Пра апошнія палітычныя падзеі ва Украіне і Беларусі з ім размаўляў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Сёння ва Украіну прыязджала Урсула фон дэр Ляен. Сусветныя палітыкі прыязджаюць у Кіеў, сустракаюцца з Уладзімірам Зяленскім. Гэта такі добры крок?

Павел Латушка: Зразумела, што маральная падтрымка патрэбная. Але ўсё ж такі патрэбна рэальная падтрымка і павінны ажыццяўляцца дзеянні дзеля таго, каб Україна сапраўды перамагла. І гэта, дарэчы, падкрэсліваў на гэтым тыдні дзяржаўны сакратар ЗША Блінкен, а сёння і кіраўнік знешняй палітыкі Еўрапейскага звязу Барэль.

У дыпламатаў не прынята казаць пра перамогу ў вайне, дыпламаты кажуць заўсёды пра дыпламатычныя інструменты. Але цяпер, на жаль, сітуацыя выглядае так у свеце, што гэта перамога патрэбна ўсяму свету, усяму дэмакратычнаму, цывілізаванаму свету. Яна патрэбна і Беларусі.

РР: Вось акурат роля Беларусі ў гэтай перамозе. Тут варта ўзгадаць, што вельмі брутальна затрымлівалі ў Беларусі так званых рэйкавых партызанаў. Які каментар на гэты конт можа быць?

Павел Латушка: Гэта героі Беларусі, тыя людзі, якія змагаюцца і ідуць на вялікія рызыкі, і з іх трэба сапраўды браць прыклад, як і з добраахвотнікаў, якія сёння ў батальёне Каліноўскага ва Украіне, палку “Пагоня”, які ствараецца ва Украіне, і бяруць удзел на баку Украіны. Сапраўды змагаюцца за незалежнасць нашай краіны.

Вельмі важна, што фармуецца такая даволі актыўная частка пратэставага актыву беларусаў, якія будуць гатовыя змагацца і далей за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны і супраць акупацыі, якая сёння ажыццёўлена расейскімі войскамі на тэрыторыі Беларусі, якія некантралявана знаходзяцца ў Беларусі, якія фактычна пры згодзе марыянеткавага ўраду Лукашэнкі прыбылі і зараз атакуюць суседнюю Украіну.

Важна ведаць, што гэты рух ужо мае сістэмны характар, гэта і інфармацыйная праца, і Радыё Рацыя тут уносіць свой унёсак дзеля гэтага, беларускія палітыкі. Другое – гэта рэйкавая вайна, трэцяе – гэта кіберпартызаны. Далей – гэта пратэставая актыўнасць, калі мы бачым бел-чырвона-белыя сцягі па ўсёй Беларусі. Гэта валанцёры, якія дапамагаюць тым, хто вымушаны з’зджаць з Украіны. Гэта, зразумела, і батальёны, полк,  якія ваююць ва Украіне.

Так што гэта ўжо сістэма, фактычна мы павінны казаць у перспектыве аб стварэнні нацыянальнага вызваленчага руху Беларусі, каб мы скінулі гэтае ярмо на чале з Лукашэнкам, каб ён не мучыў далей беларускі народ.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя