Канцлер Аўстрыі збіраецца паехаць у Маскву да Пуціна
Канцлер Аўстрыі збіраецца паехаць у Маскву да Пуціна. Пра намер федэральнага канцлера Аўстрыі Карла Нехамера паехаць у панядзелак 11 красавіка ў Маскву напісала выданне Kronen Zeitung са спасылкай на атачэнне канцлера.
Па словах Нехамера, ён хоча наладзіць масты паміж Кіевам і Масквой і «паспрабаваць усё, каб трохі наблізіцца да міру».
Kronen Zeitung сцвярджае, што паездка Нехамера ўзгодненая з федэральным канцлерам Германіі Олафам Шольцам і старшынёй Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен.
Прадстаўнік урада Аўстрыі намер канцлера афіцыйна пацвердзіў. Таксама пацвердзіў інфармацыю і расейскі бок вуснамі прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.
Учора Нехамер прыязджаў у Кіеў, дзе сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім і наведваў сімвал расейскіх ваенных злачынстваў ва Украіне — горад Буча.
Беларускае Радыё Рацыя