Беларускаму добраахвотніку пасмяротна прысвоілі званне Героя Украіны



Беларус Аляксей Скобля ўзнагароджаны зоркай Героя Украіны. Адпаведны ўказ Уладзіміра Зяленскага апублікаваны на сайце ўкраінскага прэзідэнта.

Скобля, і яшчэ двое байцоў — сяржант Уладзімір Балюк і капітан Віктар Ацарклевіч, былі ўдастоены гэтай узнагароды „за асабістую мужнасць і гераізм, выяўленыя ў абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, вернасць ваеннай прысязе”. Усе трое ўзнагароджаны пасмяротна.

Старэйшы сяржант Аляксей Скобля (пазыўны „Тур”) загінуў 13 сакавіка, абараняючы Кіеў — прыкрываў адыход сваіх байцоў.

Скобля — з Менску. Яшчэ ў 2014-м быў сярод беларускіх добраахвотнікаў на Данбасе, браў удзел у баях. Служыў у элітным ўкраінскім спецпадраздзяленні. Аляксею Скоблю было 32 гады.