У Беластоку ўшанавалі ахвяр Катыньскага расстрэлу, дзе загінулі і беларусы



У Дзень памяці ахвяраў Катыньскага злачынства прадстаўнікі Аб’яднання катыньскіх сем’яў усклалі кветкі ля помніка ў гарадскім Парку Канстытуцыі 3-га Мая.

Разам з прысутнымі ўшанаваў памяць ахвяр савецкага генацыду і правёў паралелі з Украінай маршалак Падляшскага ваяводства Артур Касіцкі:

-Гэта быў працэс, які меў мэтаю знішчыць польскасць і палякаў. І мы павінны пра гэта памятаць і пераказваць гэтую памяць маладым пакаленням. Ці ёсць аналогія? Так, канешне. Бо ўкраінскі народ зараз таксама змагаецца за сваю незалежнасць, дэмакратыю і саматоеснасць. І мы бачым, што зараз адбываецца.

Аналогію з украінскімі і катыньскімі падзеямі правёў таксама госць мерапрыемства, гісторык Кшыштаф Сыховіч:

-Палітыка ці савецкая, ці расейская, насамрэч, засталася той самай. Змяніліся толькі народы, якіх пераследуюць. Палякі гінулі толькі таму, што былі палякамі і любілі свой край. Ахвярамі савецкіх злачынцаў былі і палякі, і беларусы. Тут няма выключэння. Сёння ўкраінцы гінуць з той самай прычыны.

Вядома, што ў Катыні пацярпелі і этнічныя беларусы — праваслаўныя і каталікі, якія на 1939 год жылі ў Заходняй Беларусі, а таксама габрэі. У беларускай гісторыяграфіі падзеі Катыньскага злачынства вядомыя як «Катыньскі расстрэл».

Беларускае Радыё Рацыя