Іна Дабратвор: Калі здымаюць сцяг у твайго суседа, 10 іншых сцягоў павінны з’явіцца замест яго!



Іна Дабратвор – маці пецярых дзяцей, якая разам з тым не пабаялася ў свой час вывесіць партрэты Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і “Пагоні” ў вокнах сваёй кватэры. За што, уласна, і была пакараная штрафам у памеры 200 базавых велічынь (5 800 беларускіх рублёў).

Час прайшоў. Цяпер Іна разам з мужам і дзецьмі ў Польшчы і актыўна дапамагае тым, хто пацярпеў падчас вайны ва Украіне.

Наш карэспандэнт Марына Савіцкая паразмаўляла з актывісткай пра тое, як змянілася яе жыццё са жніўня 2020, а таксама пра будучыню Украіны.

РР: Гісторыя, якая адбылася ў нас у жніўні 2020 года, для вас цяпер што гэта за гісторыя?

Іна Дабратвор: Паставілі мяне ў тупік гэтым пытаннем, таму што я нават ніколі не задумвалася над гэтым. Але для мяне гэта былі вельмі важныя падзеі, бо раней не адчувала сябе часткай беларусаў і Беларусі. І для мяне гэта быў такі вельмі важны, станоўчы перыяд яднання з іншымі беларусамі. Напэўна гэта самае важнае з таго, што прынёс з сабой гэты жнівень.

РР: У вас пяцёра дзяцей, але ў вас усё роўна былі гэтыя партрэты спадарыні Калеснікавай і ўсіх тых нашых лідараў на вокнах. Чаму для вас было важна, нягледзячы на тое, што адбывалася, усё роўна пакінуць гэтыя выявы?

Іна Дабратвор: Я лічу, калі мы хочам дасягнуць нейкай мэты, то патрэбна выказваць салідарнасць адзін з адным. Я лічу, калі здымаюць сцяг у твайго суседа, то дзесяць іншых сцягоў павінны з’явіцца замест знятага. І я, канешне, разумею, калі людзі здымаюць той сцяг, які быў у іх у вакне, калі кагосьці рэпрэсуюць. Але гэта не той шлях, які прывядзе нас да перамогі.

РР: За дзяцей не было страшна?

Іна Дабратвор: Не. Я лічыла, што дзяцей ніхто рэпрэсаваць не будзе. Толькі нам могуць быць нейкія штрафы ці суткі.

РР: Цяпер, калі вы знаходзіцеся ў Польшчы, што вы адчуваеце, калі разумееце, што тая самая беларуская ўлада яшчэ і ўключаная ва ўкраінскую вайну?

Іна Дабратвор: Для мяне, канешне, гэта вельмі брыдка. Так не павінна быць. Мне вельмі хочацца, каб еўрапейскія краіны разумелі, што гэта выбар персанальна Лукашэнкі, што беларускі народ не падтрымлівае гэтай агрэсіі.

Цалкам размова:

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя