Справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў суд
Крымінальную справу філосафа Уладзіміра Мацкевіча перадалі ў Менскі гарадскі суд. Пра гэта ў чацвер 14 красавіка паведаміла пракуратура горада Менска.
Палітвязня абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса. Сярод якіх „актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак…” — удзел у вулічнай акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года, і „стварэнне і кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем шляхам аб’яднання групы грамадзян” — у перыяд са жніўня 2020-га да 4 жніўня 2021 года.
Пракуратура заяўляе, што Уладзімір Мацкевіч „вырабляў і змяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook” і г. д. „матэрыялы, якія ўтрымлівалі заведама непраўдзівыя дадзеныя пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае, міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь”. А яшчэ ён даваў „негатыўную ацэнку прадстаўнікам улады”, нібыта планаваў „дзеянні экстрэмісцкага характару”. Згадваецца і відэаролік на YouTube, у якім Мацкевіч „абразіў” Аляксандра Лукашэнку.
Мацкевіч быў затрыманы 4 жніўня 2021 года. Яго ўтрымліваюць у СІЗА № 1. За кратамі філосаф 13 дзён трымаў галадоўку.
Беларускае Радыё Рацыя