Пушкін і Дасэн



Як ведама, расейскі паэт Аляксандр Пушкін – гэта іхнае ўсё. Так заўсёды кажуць, прынамсі, расейцы. Яшчэ ў савецкі час Масква фактычна абавязвала мець вуліцы Пушкіна паўсюль, а помнікі яму – амаль ва ўсіх вялікіх гарадах. Глыбока ўкараніліся гэтыя кучаравыя фігуры на шырокай прасторы былога савецкага саюза, ды і ў наш час падобнае – нядаўна нават у беларускім Глыбокім такі помнік узвялі. Характэрна пры тым, што іншы класік расейскай літаратуры, шатляндскага паходжання Лермантаў, нібыта прызнаны на роўні нашчадка эфіопаў Пушкіна, шанаваўся куды менш. Пытанне – чаму? Адказ хіба досыць просты – Лермантава сённяшняй мовай можна назваць фактычна апазіцыянерам, гэткім франдзёрам да тагачаснай улады. Ну а яго класічны верш «Прощай немытая Россия, страна рабов, страна господ» у сённяшнім разуменні маскоўскай ідэалогіі – дык увогуле страшная русафобія. А вось Пушкін, нягледзячы на свой паэтычны талент і пэўны ціск у маладосці з боку уладаў, урэшце з ліберала ператварыўся ў класічнага імерца і падладжваўся як мог да цемрашальскага мікалаеўскага рэжыму, пісаў манархічныя оды, шавіністычныя агіткі, выступаў супраць лістападаўскага вызвольнага паўстання 1830 года:

Кичливый лях иль верный Росс? Славянские ль ручьи сольются в русском море?

Альбо яшчэ такое:

Иль Русского царя уже бессильно слово? Иль нам с Европой спорить ново? Иль русский от побед отвык?

Калі ва Украіне пачаўся «ленінапад», розных пушкіных не чапалі. Але цяпер, калі агрэсія «русского міра» набыла характар заваёўнай знішчальнай вайны, лагічна надышоў час не толькі дэсаветызацыі, але і дэрусіфікацыі краіны. Найбольш арыгінальны крок быў здзейснены ў горадзе Ужгарад. Там помнік Пушкіну проста перайменавалі ў помнік папулярнаму французскаму спеваку Джо Дасэну. Што з улікам знешняга падабенства скульптуры абсалютна файна. Зроблена, праўда, гэта было невядомымі энтузіястамі, але мясцовая ўлада слушна зробіць, калі ўзаконіць такое перайменаванне. З улікам таго, што Пушкіна на дуэлі смяротна параніў таксама француз – Жорж Шарль Дантэс, алюзія відавочная.

І лепш «Індзейскае лета» Дасэна, чым «Болдзінская восень» Пушкіна.

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ