Зяленскі агучыў страты ўкраінскай арміі з пачатку вайны



У інтэрв’ю CNN прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што за час вайны загінулі ад 2,5 да 3 тысяч украінскіх вайскоўцаў. Каля 10 тысяч параненыя. “Цяжка сказаць, колькі з іх выжыве”, — дапоўніў Зяленскі.

Да гэтага Украіна афіцыйна паведамляла пра колькасць загінулых больш за месяц таму, 12 сакавіка — 1,3 тысячы чалавек. Страты сярод расейцаў па афіцыйных украінскіх дадзеных нашмат большыя — 19—20 тысяч.

Цяжэй за ўсё, па словах Зяленскага, падлічыць колькасць цывільных ахвяр. “Вельмі складана казаць пра цывільных, бо поўдзень нашай краіны, дзе гарады і вёскі нашай краіны заблакаваныя — Херсон, Бярдзянск, далей на ўсходзе Марыупаль, і раён на ўсход, дзе размяшчаецца Валнаваха — мы проста не ведаем, наколькі шмат людзей памерла ў той зоне, якая заблакаваная”, — заявіў у інтэрв’ю Зяленскі.

Фота: president.gov.ua