Піневіч назваў умовы вызвалення затрыманых артапедаў-траўматолагаў



Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч расказаў аб тым, як прасіў у Аляксандра Лукашэнкі вызваліць затрыманых урачоў. Размова ідзе аб артапедах-траўматолагах, лёс якіх абмяркоўваўся 18 красавіка на нарадзе з КДБ і Генпракуратурай.

«На жаль, я вымушаны канстатаваць як міністр аховы здароўя, што ў нас затрымана 35 траўматолагаў-артапедаў у рамках крымінальнай справы, у якой дадзеныя спецыялісты атрымлівалі незаконную ўзнагароду за кошт прыватных кампаній, якія пастаўлялі некаторыя віды медыцынскіх вырабаў, у прыватнасці суставы для імплантацыі, і вось гэтыя спецыялісты, якія атрымлівалі незаконную ўзнагароду, у цяперашні час затрыманыя», – канстатаваў міністр.

Ён падкрэсліў, што ў яго была ўнікальная магчымасць прасіць за іх у Лукашэнкі. У выніку дамовіліся, што лекары вернуць грошы ў кратным памеры і ім зменяць меру стрымання.

«Я магу канстатаваць, мусіць, толькі ў нас, у нашай краіне ёсць магчымасць для міністра, для мяне ў тым ліку, звярнуцца наўпрост да кіраўніка дзяржавы з тлумачэннем прычын і з просьбай увайсці з прапановай аб змене меры стрымання дадзеным спецыялістам з далейшым разглядам іх лёсу. З мэтай таго, каб яны маглі працягваць працаваць на ўласным месцы. Пасля маёй просьбы прэзідэнтам дадзена было даручэнне, я з кожным з гэтых затрыманых спецыялістаў гутарыў, і ёсць некалькі ўмоў, пры якіх магчымы разгляд маёй просьбы станоўчы. Гэта, перш за ўсё, безумоўнае прызнанне віны – тое, што зараз ажыццяўляецца, пакрыццё ўрону ў кратным памеры, і трэцяя ўмова – вызначэнне месца працы, якое я, як міністр, вызначу гэтым спецыялістам, дзе яны будуць аказваць медыцынскую дапамогу згодна са сваёй кваліфікацыяй», – дадаў міністр.