Уладальнік Opel і Peugeot спыняе выпуск аўтамабіляў на заводзе ў Расеі
Кампанія Stellantis заявіла, што прыпыняе вытворчасць на сваім заводзе ў расейскім горадзе Калуга. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным 19 красавіка на сайце аўтавытворцы.
Фота: Anthony Devlin / Getty Images
«Улічваючы рост санкцый і цяжкасці з лагістыкай, Stellantis спыніў вытворчасць на Калужскім заводзе, каб цалкам выконваць усе санкцыі і абараніць сваіх супрацоўнікаў. Stellantis асуджае гвалт і падтрымлівае ўсе дзеянні, якія могуць аднавіць мір», — гаворыцца ў заяве.
Stellantis валодае 70% калужскага завода PSMA Rus, яшчэ 30% належыць Mitsubishi. Завод выпускае аўтамабілі Peugeot 408 і Citroen C4, лёгкія камэрцыйныя аўтамабілі Peugeot, Opel і Citroen, а таксама міні-фургоны і кампакт-фургоны Peugeot Partner, Citroen Berlingo і Opel Combo. На заводзе Mitsubishi займаецца зборкай пазадарожнікаў Outlander і Pajero Sport, паведамляе svaboda.org.
У сакавіку продажы новых аўтамабіляў у Расеі, паводле звестак Еўрапейскай бізнэс-асацыяцыі, знізіліся на 62,9%. Кошт новых аўтамабіляў, па дадзеных Аўтастата і аўтавытворцаў, у сакавіку вырас у сярэднім на 40%.
Раней расейскі канцэрн «АвтоВАЗ» заявіў пра скарачэнне працоўнага часу сваіх работнікаў праз санкцыі. Магутнасьць іншых расейскіх прадпрыемстваў, у прыватнасці аўтамабілебудаўнічай галіны, падае праз адсутнасць замежных запчастак, якія выкарыстоўваліся ў прадукцыі.