„Металург” параўняў лік у фінале плэй-оф супраць „Юнацтва”
Хакеісты „Металурга” на хатняй арэне абыгралі „Юнацтва” ў чацвёртым матчы фіналу плей-оф беларускай экстралігі і параўнялі лік у серыі.
Гаспадары выйшлі наперад ужо праз 30 секунд пасля стартавага ўкідвання: галкіпер гасцей Леанід Фамін вельмі няўдала зрэагаваў на кідок Аляксея Маструкова. Зрэшты, усяго праз паўтары хвіліны капітан „Юнацтва” і лепшы бамбардзір плэй-оф Андрэй Антонаў зраўняў лічбы на табло, рэалізаваўшы большасць. У другой трэці за выдаленне суперніка караў ужо „Металург”: спачатку Сяргей Кузняцоў вывеў „ваўкоў” наперад, а затым Арцём Кіслы давёў перавагу да дзвюх шайбаў – 3:1. Фінальная 20-хвілінка засталася за „Юнацтвам”, у складзе мінчан вызначыліся Аляксандр Кітараў і Аслан Раісаў. Аднак паміж гасцявымі шайбамі здарыўся і гол жлабінчан: забіў капітан каманды Яўген Саламонаў. Гэты кідок стаў у матчы пераможным, як вынік – 4:3 на карысць гаспадароў. Такім чынам, „Металург” зраўняў лік у серыі – 2:2, пяты матч паміж фіналістамі адбудзецца ў чацвер на „Чыжоўка-Арэне”. Другая перамога „сталёвых ваўкоў” таксама азначае, што каманды дакладна вернуцца ў Жлобін: шосты паядынак фіналу пройдзе 23 красавіка.
Баскетбалісты „Гродна-93” сталі апошнімі паўфіналістамі чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісты „Гродна-93” апошнімі прабіліся ў паўфінальную стадыю мужчынскага чэмпіянату Беларусі. У вырашальным паядынку чвэрцьфінальнай серыі гарадзенская каманда перамагла на сваёй пляцоўцы гасцей са сталічнага клуба „Імпульс-БДУІР” 96:75. У першай сустрэчы гарадзенскі клуб выйграў з лікам 88:86, а потым у Менску супернікі ўзялі рэванш – 82:69. У барацьбе за выхад у фінал „Гродна-93” сустрэнецца з дзейнымі чэмпіёнамі краіны баскетбалістамі „Цмокi-Мінск”, якія ў 1/4 фіналу двойчы перамаглі сваю маладзёжную каманду – 91:38 і 95:53. У другой паўфінальнай серыі лідэр рэгулярнага сезона магілёўскі „Барысфен”, які абыграў „Гомельскіх рысяў”, будзе супернічаць з віцебскім клубам „Рубон”, які ўзяў верх над рэзервістамі сталічных „цмокаў”. Першыя сустрэчы паўфінальных серый да трох перамог адной з каманд адбудуцца 21 і 23 красавіка ў Менску і Магілёве.
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка выйшаў у 1/16 фіналу турніру ў Барселоне
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 44-ы нумар сусветнага рэйтынгу, выйшаў у 1/16 фіналу турніру катэгорыі АТР-500 у іспанскай Барселоне з прызавым фондам 2 мільёны 600 тысяч еўра. У матчы 1/32 фіналу беларус сустракаўся з 43-й ракеткай планеты іспанцам Педра Марцінэсам і дамогся перамогі ў дзвюх партыях – 6:4, 7:6 (7:4). У гэтай гульні Герасімаў 11 разоў падаў на вылет, а ў актыве яго суперніка толькі адзін эйс. Паядынак працягваўся 2 гадзіны 12 хвілін. У другім раундзе супернікам Іллі Івашкі будзе пятая ракетка планеты грэк Стэфанас Цыцыпас.
„Інтэр” выйшаў у фінал Кубка Італіі, разграміўшы „Мілан”
У матчы ў адказ 1/2 фіналу Кубка Італіі «Інтэр» прымаў «Мілан». Сустрэча прайшла на стадыёне „Сан-Сіра” і завяршылася перамогай „Інтэра” з лікам 3:0. На чацвёртай хвіліне сустрэчы лік адкрыў нападнік «Інтэра» Лаўтара Марцінэс. На 40-й хвіліне ён аформіў дубль. А на 82-й хвіліне абаронца «Інтэра» Робін Госэнс усталяваў канчатковы лік сустрэчы. Першы матч каманд завяршыўся нічыёй з лікам 0:0. Такім чынам, „Інтэр” выйшаў у фінал Кубка Італіі.
У матчы 30-га тура англійскай Прэм’ер-лігі „Ліверпуль” прымаў „Манчэстэр Юнайтэд”. Сустрэча прайшла на стадыёне „Энфілд” у Ліверпулі і завяршылася перамогай гаспадароў з лікам 4:0 – за «мерсісайдцаў” дублем адзначыўся Махамед Салах, па голу забілі Луіс Дыяс і Садыё Манэ. „Ліверпуль” набраў 76 ачкоў і ўзняўся на першае месца ў турнірнай табліцы. «Манчэстэр Юнайтэд» мае 54 ачкі – ён на шостым месцы.
Беларускае Радыё Рацыя