Масавы «хапун» у незалежных прафсаюзах (абноўлена)



Лідар Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Таксама на трое сутак затрымана супрацоўніца офіса Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Ірына Бут-Гусаім. Раней стала вядома, што ў СІЗА КДБ змешчаны намеснік старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч. Учора масава прайшлі ператрусы ў прадстаўнікоў прафсаюзнага руху.

Паводле звестак “Салідарнасці” не выходзяць на сувязь 15 чалавек: Яна Малаш, Віталь Чычмароў, Ганна Дусь, Аляксандр Бухвостаў, Васіль Бераснеў, Генадзь Фядыніч, Дзмітрый Бародка, Аляксандр Ярашук, Сяргей Антусевіч, Мікалай Шарах, Ірына Бут-Гусаім, Міхаіл Громаў, Вадзім Пайвін, Юрый Белякоў, Ігар Комлік. Гэта лідары і актыў беларускага незалежнага прафсаюзнага руху.

* * *

Чатырнаццаць прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў не выходзяць на сувязь. Паведамляе Праваабарончы Цэнтр « Вясна». На гэты момант вядома пра затрыманні старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука і яго намесніка Сяргея Антусевіча. Пра іх затрыманне паведамілі ў БСДП. Сваякі Антусевіча пішуць, што ён у СІЗА КДБ. Таксама прайшоў ператрус у кватэры супрацоўніцы офіса БКДП, пасля чаго яе павезлі на допыт.

Ператрусы былі і ў старшыні Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха ў Полацку, у выніку яго затрымалі. Прайшоў ператрус і ў Свабодным прафсаюзе металістаў (СПМ). У спісах затрыманых, які вядуць валантэры, таксама адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў Аляксандр Бухвостаў. Вобшук прайшоў і на офісе прызнанага нядаўна экстрэмісцкім фармаваннем прафсаюза РЭП. Пра яго распавёў кіраўнік партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Сяргей Чэрачэнь, які на ім прысутнічаў. Па ягоных словах, у офісе былі да шасці чалавек, з якіх вызвалілі толькі двух.

Таксама быў ператрус у кватэры супрацоўніцы офіса БКДП, пасля чаго яе павезлі на допыт.