Украіна прапануе прызнаць Беларусь і Расею дзяржавамі – спонсарамі тэрарызму



Украіна прапануе прызнаць Беларусь і Расею дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму. Адпаведны пункт ёсць у плане дзеянняў па ўзмацненні санкцый супраць РФ, які распрацавала міжнародная экспертная група Ермака-Макфала, паведамляецца на сайце прэзідэнта Украіны.

У плане змяшчаюцца рэкамендацыі для міжнароднай дэмакратычнай супольнасці наконт далейшых эканамічных санкцый, каб прымусціь кіраўніцтва РФ хутчэй спыніць вайну ва Украіне і максімальна павялічыць цану агрэсіі для Расеі.

Сярод ключавых напрамкаў санкцыйнай палітыкі называюцца: прызнанне Беларусі і Расеі дзяржавамі — спонсарамі тэрарызму; поўная забарона экспарту расейскіх энерганосьбітаў; пашырэнне санкцый супраць фінансавага сектара Беларусі і Расеі; узмацненне транспартных і страхавых санкцый;  пашырэнне і ўзмацненне гандлёвых эмбарга і персанальных санкцый.