Памёр беларускі паэт Анатоль Вярцінскі



У 1986—1990 гадах Вярцінскі быў галоўным рэдактарам газеты „Літаратура і мастацтва”. У той час на яе старонках з’явілася мноства артыкулаў па гісторыі і культуры Беларусі, у тым ліку і артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва пра Курапаты, паведамляе nashaniva.com.

Анатоль Вярцінскі нарадзіўся ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і, скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ. Першы зборнік паэзіі („Песня пра хлеб”) выйшаў у 1962 годзе.

У тым самым годзе Анатоль Вярцінскі пераехаў у Менск і пачаў супрацоўнічаць з газетай «Літаратура і мастацтва». У 1986—1990 гадах быў яе галоўным рэдактарам.

З 1990 па 1995 год быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі, намеснікам старшыні пастаяннай Камісіі па пытаннях галоснасці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека. Уваходзіў у склад камісіі, якая распрацоўвала тэкст беларускай Канстытуцыі.

За кнігу публіцыстычных нататак „Нью-ёркская сірэна” Анатоль Вярцінскі быў у 1988 годзе ўганараваны Дзяржаўнай прэміяй імя Янкі Купалы, а ў 2010 годзе за высокі ўклад у беларускую літаратуру стаў лаўрэатам прэміі „Залаты апостраф” ад рэдакцыі часопіса „Дзеяслоў”.