Агляд прэсы: адных слоў недастаткова?!



Расея планавала ўварвацца ў Беларусь пасля пераабрання Лукашэнкі. Расея працягвае наступ на ўсходзе Украіны. Шарль Мішэль з візітам у Кіеве. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Беларусь, якой кіруе самаабвешчаны апошні дыктатар Еўропы Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца адным з бліжэйшых саюзнікаў Расеі. Расея, магчыма, таксама стварыла планы ўварвання ў суседнюю краіну і блізкага саюзніка Беларусь, у дадатак да ўварвання ва Украіну, якое працягваецца», – цытуе Упраўленне выведкі Украіны ізраільская газета The Jerusalem Post .
У дакладзе цытуюцца дакументы, атрыманыя вайсковай выведкай Украіны, якія, здаецца, адлюстроўваюць падрыхтоўку Расеі да мабілізацыі войскаў для ўварвання і захопу беларускай тэрыторыі.
«У той час як планы Расеі ўварвацца ў краіны былі даказаныя ў мінулым, напрыклад, уварванне ў Грузію ў 2008 годзе і ўварванне ў Украіну ў 2014 годзе і цяперашнія, уварванне ў Беларусь можа здацца дзіўным. Усходнееўрапейская краіна з’яўляецца адным з найбліжэйшых саюзнікаў Расеі, і адносіны паміж двума народамі вельмі моцныя. Акрамя таго, у адрозненне ад Украіны, дзе прэзідэнт Уладзімір Зяленскі на працягу многіх гадоў гаварыў пра сваю апазіцыю Расеі, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае значна больш цёплыя погляды на Маскву і часта сустракаецца з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Расейская мова таксама мае ў краіне роўны статус з беларускай, моцныя гандлёвыя сувязі, заключаны здзелкі, якія дазваляюць грамадзянам абедзвюх краін свабодна ездзіць, працаваць і вучыцца паміж імі. Але нагода для ўварвання, здаецца, крыецца менавіта ў Лукашэнку. Здаецца, Расея чакала пратэстаў пасля фальсіфікацыі выбараў у 2020 годзе. Згодна з дакументамі, прадстаўленымі ГУР, Расея планавала ўварвацца і падавіць гэтыя антылукашэнкаўскія пратэсты. Акрамя таго, ГУР сцвярджаў, што гэта таксама планавалася ў выпадку маштабнага канфлікту з NATO», – піша ізраільскае выданне.

***

Бітва за ўсход Украіны ў самым разгары: расейскія вайскоўцы заявілі, што ў сераду нанеслі ўдары па 1053 вайсковых аб’ектах Украіны. У сваю чаргу Кіеў паведаміў аб тым, што ўкраінскай арміі ўдалося спыніць расейскія войскі ў Славянску. У Краматорску пачалася эвакуацыя. Прэзідэнт Украіны Зяленскі перасцераг насельніцтва аб небяспецы абстрэлаў жылых масіваў. Аглядальнікі з трывогай сочаць за развіццём падзеяў.
«Цяпер для ўкраінскага войска галоўнае – выдужаць», – піша нідэрландская газета De Telegraaf.
«Сумневы выклікае маральны настрой расейскіх вайскоўцаў. Пакуль што яны не адрозніваліся асаблівым баявым духам, салдаты-тэрміновікі не прайшлі неабходнай падрыхтоўкі, а матывацыя адсутнічала. Акрамя таго, камандаванне дапушчала стратэгічныя памылкі. Мабыць, расейцы спадзяюцца на тое, што ім атрымаецца выматаць украінцаў. Іншае важнае пытанне: ці дастаткова ў Украіны зброі і амуніцыі для вядзення зацяжных баявых дзеянняў? Хоць Кіеў і атрымаў ад Захаду дапамогу ў выглядзе цяжкага ўзбраення, многія віды зброі пакуль што знаходзяцца ў шляху, і незразумела, ці атрымаецца Украіне своечасова атрымаць іх», – паведамляе нідэрландскае выданне.

***

У сераду ў Кіеў з візітам нечакана прыбыў кіраўнік Еўрапейскай рады Шарль Мішэль. Падчас прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім Мішэль запэўніў, што будзе зроблена «ўсё магчымае» для таго, каб «Украіна атрымала перамогу ў вайне». Што гэта – проста словы ці змена парадыгмы?
Ірландская газета Irish Independent, у сваю чаргу, сустрэла абяцанні са скепсісам.
«ЕЗ і ААН, безумоўна, неабыякавыя да таго, што адбываецца ва Украіне, але, улічваючы маштабы злачынстваў у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва, іх уцягнутасць нельга назваць рашучай. Пасля васьмі тыдняў расейскага варварства на тэрыторыі Украіны краіны ЕЗ па-ранейшаму працягваюць папаўняць маскоўскую казну, купляючы ў Расеі газ. Абяцанні па пастаўцы бронетранспарцёраў пакуль што далёкія ад выканання. Колькасць бежанцаў з Украіны ўжо перавышае пяць мільёнаў. І тое, што «гісторыя нічога не забудзе», як запэўніў украінцаў Мішэль, маласуцяшальна, – калі дапусціць магчымасць горшага сцэнару
», – прагназуе ірландскае выданне.

***

У нядзелю ў Францыі пройдзе другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле дадзеных апошніх апытанняў, за дзейнага прэзідэнта Эманюэля Макрона гатовыя прагаласаваць 55 працэнтаў выбаршчыкаў. Такім чынам, ён апярэджвае Марын Ле Пэн – сваю саперніцу з лагера ультраправых. Судзячы па ўсім, зыход выбараў будзе залежаць ад галасоў тых выбарнікаў, хто ў першым туры прагаласаваў за кандыдата ад левых – Меланшона. Еўрапейская прэса сур’ёзна занепакоена будучыняй Францыі.
«Над еўрапейскай інтэграцыяй навісла пагроза», – такі каментар венскага штотыднёвіка Falter.
«Мяркуючы па дадзеных апытанняў, перамога Ле Пэн малаверагодная, аднак у свой час лічылася неймаверным, што Дональд Трамп зможа прарвацца ў Белы дом. Сітуацыя ў Францыі сёння гэтак жа непрадказальная, што і тады ў Злучаных Штатах. Перад дзейным прэзідэнтам стаіць задача аб’яднаць вакол сябе як правых, так і левых дэмакратаў, каб не дапусціць скочвання краіны ў нацыяналістычна-аўтарытарную бездань. Пяць гадоў таму перад ім стаяла тая ж самая задача, толькі сёння яе выканаць куды складаней. Гнеў і незадаволенасць грамадзян расхісталі пазіцыі кансерватыўнага і сацыял-дэмакратычнага істэблішменту. Сёння Макрону кроў з носу патрэбныя галасы выбаршчыкаў з лагера левага папуліста Жана-Люка Меланшона, а той усё ніяк не можа прымусіць сябе заклікаць свой электарат аддаць галасы дзейнаму прэзідэнту», – падкрэслівае аўстрыйскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.