Зміцер Антончык: Ніякага замаху не магло быць



Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Палітык знаходзіцца за кратамі больш за год, але надалей па яго крымінальнай справе не прызначаны суд, а следчыя дзеянні не праводзяцца ўжо некалькі месяцаў. У той жа час ёсць больш-менш пазітыўныя навіны пра стан здароўя спадара Рыгора.

Пра гэта ды іншае пагаворым з нашым сённяшнім госцем Змітром Антончыкам:

РР: Якія навіны, якая інфармацыя ёсць пра тое, што адбываецца?

– Ужо больш за год Рыгор Кастусёў знаходзіцца за кратамі. Пазітыўныя навіны тут можна сказаць ёсць – гэта стан здароўя. Зараз яму пачалі рабіць уколы, якія значна палепшылі яго стан здароўя. Ён піша, што даволі добра сябе адчувае ўжо, няма такіх праблем, якія былі раней. Канешне анкалогія нікуды не дзелася, але агульны стан здароўя стаў лепш.

РР: Але ён не знаходзіцца ў шпіталі?

– Не, ён знаходзіцца ў камеры. Тое, што датычыцца справы, 12-га чысла яго знаёмілі з тым, што тэрмін следчых дзеянняў падоўжылі да 14-га чэрвеня. Следчы сказаў, што справа рыхтуецца да перадачы ў пракуратуру. Канчатковае абвінавачанне будзе прад’яўлена да канца гэтага месяца. Сам Рыгор Кастусёў у сваіх лістах піша, што гэта малаверагодна таму, што ўжо не першы раз яму такое кажуць. Але мы вось ужо заўважаем, што нейкая актыўнасць пачынаецца, бо адваката выклікаюць ужо значна часцей у СІЗА.

РР: То бок можна меркаваць, што справа ўсё ж такі ідзе да судовага працэсу?

Падаецца так, таму што раней адвакат вельмі зрэдку была, а тут апошнім часам значна часцей. Можна сказаць, што кожны тыдзень яна ходзіць.

РР: Як выглядае справа з ліставаннем?

– Я магу сказаць, што нават наадварот. Быў такі перыяд, што мы ў інтэрнэце бачылі, што людзі атрымлівалі ад яго лісты. Напрыклад, жонка Рыгора Кастусёва не атрымлівала адказу на свае лісты ў той жа час. Можна сказаць, што было наадварот, што родныя не атрымоўвалі, а сябры, паплечнікі атрымоўвалі.

РР: Спадар Рыгор Кастусёў з усёй групы затрыманых па гэтай справе, нібыта замаху на Лукашэнку, быў першым прызнаны праваабаронцамі палітвязнем. Аляксандр Фядута прызнаны палітвязнем, але іншыя асобы не прызнаныя. Як вы гэта ацэньваеце?

– Я думаю, што ад пачатку было відавочна, што гэтая справа не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю. Гэта была проста фальсіфікацыя і нейкі ціск на людзей. Я думаю, што адразу трэба было даваць статус палітвязня, то бок тут няма пра што думаць. Ніякага замаху там не магло быць і ніякіх планаў. Гэта ўсё проста глупства. Тое, што не даюць статусу, ну напэўна свае бюракратычныя моманты нейкія. Канешне станоўча гэта не ацэньваю.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

Госцем Рацыі быў Зміцер Антончык – прадстаўнік беларускай дыяспары ў Беластоку, актывіст з беларускага Шклова, які жыве з сям’ёй у змушанай эміграцыі.

Беларускае Радыё Рацыя