«У сэрцы Беларусь». Выдадзены новы набор паштовак па малюнках Паўла Севярынца
На працягу ўжо амаль двух гадоў палітвязень Павел Севярынец дасылае разам з лістамі дадому і свае малюнкі. Родныя атрымалі ад яго каля двухсот лістоў і больш за сотню малюнкаў, адрасаваных найперш маленькаму сыну Францішку. Але ў пэўны момант жонка палітвязня, Вольга Севярынец, вырашыла, што іх варта пакінуць на памяць не толькі сям’і, але і іншым людзям. Бо малюнкі з-за кратаў маюць асаблівую вартасць. Так з’явіўся першы набор паштовак «Беларусь – гэта святое» – з выявамі храмаў, помнікамі беларускай архітэктуры і гісторыі.
А цяпер выйшаў і другі набор, распавяла Вольга Севярынец:
– Мы планавалі да Вялікадня выпусціць Пашавы паштоўкі новыя – па малюнках, якія ён дасылае з-за кратаў. І з цытатамі, якія нам Павел адтуль жа, з-за кратаў, перадае. Дзякуй Богу, у нас усё атрымалася! На паштоўках – храмы каталіцкія, праваслаўныя і пратэстанцкія, бо Павел імкнецца захоўваць гэткае трыадзінства хрысціянскае… Ну, і набор назвалі «У сэрцы Беларусь».
Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020-га года, летась у траўні ён быў асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму «за арганізацыю масавых беспарадкаў». У няволі ён працягвае і літаратурную працу, і займаецца маляваннем. Жонка адмыслова дасылае яму каляровыя алоўкі і асадкі з чорным стрыжнем. Менавіта ў такой тэхніцы выкананыя малюнкі, з якіх 20 ужо ператварыліся ў паштоўкі. Іх можна набыць у беларускай хрысціянскай інтэрнэт-краме Kroplia.by – і першы набор, які называецца «Беларусь – гэта святое», і апошні «У сэрцы Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя