У Віцебску нарэшце перафарбоўваюць «сіні дом» у сіні колер



Дом №28 па вуліцы Леніна быў пафарбаваны сіняй фарбай ад самага з’яўлення будынка ў 1974 годзе. Віцяблянам настолькі спадабаўся нетрадыцыйны знешні выгляд жылога дому, што назва «сіні дом» стала гарадскім тапонімам. Ён быў узведзены практычна ў цэнтры гораду, таму каля «сіняга дому» часта прызначалі сустрэчы, і кожны мясцовы жыхар без дадатковых тлумачэнняў разумеў, дзе яго чакаюць. Традыцыя называць «сінім домам» гарадскі аб’ект захавалася нават пасля таго, як ён быў перафарбаваны ў шэры колер.

Хамайда

А яшчэ гісторыя «сіняга дому» непарыўна звязана з віцебскай гісторыяй дэмакратычнага руху. Менавіта тут, каля ўваходу ў прадуктовую краму на першым паверсе, з 1997-га году ладзіў розныя акцыі найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда разам са сваім паплечнікам, цяпер ужо нябожчыкам Уладзімірам Плешчанкам. Вяртанне арыгінальнага колеру «сіняму дому» – надзвычай важная справа, лічыць спадар Хамайда:

-У гэтым годзе 25 год, як я стаю каля «сіняга дому». І затрыманні тут былі, і штрафы, і «суткі»… А дом сапраўды быў сіні, і я лічу, што цяпер – гэта аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Гэта наша адметнасць, і яна павінна заставацца ў горадзе. Гэта наша гісторыя, мы проста павінны гэта ўсё шанаваць.

З 2009-га году, падчас кіравання старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца, «сіні дом» памяняў свой колер на безаблічны шэры. Гараджане неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб вярнуць будынку ягоны самабытны выгляд. На тое, каб да віцяблянаў нарэшце прыслухаліся, спатрэбілася 13 гадоў. Гэтымі днямі перафарбоўка пачалася, і жыхары Віцебску з захапленнем назіраюць, як у горад вяртаецца сапраўдны «сіні дом».

Беларускае Радыё Рацыя