„Энергетык”-БДУ ўпершыню ў сезоне прайграў
„Іслач” абыграла „Энергетык”-БДУ ў выязным матчы 5-га тура „Беларусбанк – чэмпіянату Беларусі” – 2:1. „Энергетык” пацярпеў першую паразу ў сезоне.
„Тарпеда”-БелАЗ згуляла ўнічыю са „Славіяй” — 2:2. У гэтым матчы хаўбек „Тарпеда” Феліпе Велоза быў выдалены. Бразілец атрымаў чырвоную картку пасля таго, як пакінуў газон у выніку замены. Такім чынам, Велоза прапусціць наступны матч жодзінцаў.
Ягор Герасімаў выйшаў у другі круг кваліфікацыі на турніры АТП у Мюнхене
Беларус Ягор Герасімаў (155 АТП) выйшаў у вырашальны раунд кваліфікацыі турніру АТП-250 у Мюнхене. У стартавым раундзе адбору ён абыграў аргенцінца Франсіска Чэрундала (48) — 7:6, 6:1. За выхад у асноўную сетку Герасімаў паспрачаецца з наймацнейшым тэнісістам з пары Міхаіл Кукушкін (167) — Тыяга Мантэйра (110).
Беларуска Арына Сабаленка (4-ы нумар рэйтынгу ВТА) перайграла ў паўфінале турніру ў Штутгарце іспанку Паулу Бадосу (3 ВТА) з лікам 7:6 (7:5), 6:4. У фінале Сабаленка згуляе 24 красавіка з пераможцай пары Іга Швентэк (Польшча, 1) — Людміла Самсонава (Расія, 31).
Беларус Уладзіслаў Калячонак — адзіны абаронца „Арызоны” са плюсавым каэфіцыентам карыснасці
Беларус Уладзіслаў Калячонак з’яўляецца адзіным абаронцам „Арызоны” са станоўчым каэфіцыентам карыснасці. 20-гадовы гулец абароны, які праводзіць першы сезон у наймацнейшай лізе свету, у 31 матчы „рэгуляркі” зарабіў паказчык „+1”. Ва ўсіх астатніх абаронцаў „Каётц” адмоўны каэфіцыент карыснасці. Калячонак — адзін з трох хакеістаў „Арызоны” са станоўчым паказчыкам. Два іншых — нападнікі Клэйтан Келер („+3”) і Лаям О’Браэн („+1”). У 31 матчы беларус набраў 3 (1+2) ачкі. „Арызона” — найгоршая каманда Заходняй канферэнцыі.
Яўген Шыкаўка забіў гол, але „Карона” саступіла „Арцы” ў другім дывізіёне чэмпіянату Польшчы
У матчы 29-га тура другога дывізіёна чэмпіянату Польшчы „Карона” пацярпела дамашнюю паразу ад „Аркі” — 1:2. Беларускі форвард гаспадароў Яўген Шыкаўка правёў увесь матч і адкрыў лік на 16-й хвіліне. Пры гэтым на другой хвіліне яшчэ адзін гол беларуса быў адменены з прычыны гульні рукой. „Карона”, набраўшы 49 ачкоў, займае чацвёртае месца і ўваходзіць у зону плей-оф.
Беларускае Радыё Рацыя