ISU адабраў у Расеі этап Гран-пры па фігурным катанні



Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) абвясціў, што Расея не зможа прыняць Гран-пры ў сезоне-2022/23. Акрамя таго, Расея і Беларусь не змогуць прэтэндаваць на правядзенне турніраў пад эгідай ISU. Расейскія і беларускія дэлегаты не прымуць удзел у кангрэсе арганізацыі ў чэрвені і не змогуць прэтэндаваць на выбарныя пасады.

Арына Сабаленка захавала чацвёртае месца ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка засталася на 4-м месцы ў абноўленым сёння рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 17-м месцы (2281 бал), яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч займае 50-ю пазіцыю (1123). Лідыруе полька Іга Свёнтэк.

У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) найлепшы з беларусаў Ілья Івашка па-ранейшаму займае 44-е месца (1099), яшчэ адзін беларус Ягор Герасімаў знаходзіцца на 150-й пазіцыі (412). Лідарам рэйтынгу працягвае заставацца серб Новак Джокавіч.

Антоніа Рудзігер пяройдзе з „Чэлсі” ў мадрыдскі „Рэал”, кантракт будзе разлічаны да 2026 года

Абаронца зборнай Германіі Антоніа Рудзігер пяройдзе з „Чэлсі” ў мадрыдскі „Рэал”. Як паведамляе журналіст Фабрыцыо Рамана, мадрыдскі клуб і 29-гадовы абаронца дамовіліся аб кантракце тэрмінам да чэрвеня 2026 года. Перад падпісаннем усіх неабходных дакументаў засталося ўладзіць некаторыя дэталі. Нават калі Тоні падпіша кантракт з „Рэалам” у траўні, аб пераходзе абвесцяць толькі пасля завяршэння сезона.

Найлепшы снайпер менскага „Дынама” можа перайсці ў „Салават Юлаеў”

Шведскі форвард Мальтэ Стрэмваль патрапіў у сферу інтарэсаў „Салавата Юлаева”. У мінулым сезоне Стрэмваль стаў другім бамбардзірам і найлепшым снайперам менскага „Дынама”, набраўшы 32 (19+13) ачкі ў 38 матчах рэгуляркі КХЛ і 4 (3+1) балы ў чатырох сустрэчах плей-оф. Заўзятары „зуброў” прызналі шведа MVP сезона.

Беларускае Радыё Рацыя