Жлобінскі „Металург” стаў чэмпіёнам Беларусі па хакеі
Хакеісты „Металурга” абыгралі „Юнацтва” ў сёмым матчы фіналу плэй-оф і заваявалі чэмпіёнскі тытул другі раз у гісторыі клуба.
У мінулых гульнях серыі каманды дамагліся па тры перамогі – упершыню ў гісторыі фіналаў шэсць матчаў запар завяршыліся з розніцай у адну шайбу. Фіналісты сезону дабраліся да сёмага паядынку ўсяго трэці раз у гісторыі, папярэдні „залаты” матч быў згуляны ў 2010 годзе таксама на лёдзе „Мінск-Арэны”. Пачатак сёмай гульні, якая сабрала больш за 15 тысяч гледачоў, засталася за жлабінчанамі. Форвард гасцей Сяргей Кузняцоў адкрыў лік ужо на 7-й хвіліне. Другі перыяд прайшоў у роўнай барацьбе, але зноў скончыўся на карысць „сталёвых ваўкоў”: Кузняцоў аформіў дубль. Нягледзячы на ўсе намаганні мінчан у фінальнай трэці, закінуць яны так і не змаглі. А кропку ў гульні кідком у пустую брамку паставіў капітан гасцей Яўген Саламонаў – 3:0. „Металург” – найлепшая каманда краіны. Гэты чэмпіёнскі тытул стаў для жлобінцаў другім у гісторыі клуба: папярэдняя перамога ў фінале экстралігі была здабыта ў 2012 годзе. У рэгулярным сезоне падначаленыя Дзмітрыя Краўчанкі занялі другое месца.
Максім Скавыш паўтарыў рэкорд вышэйшай лігі па ачках па сістэме „гол+пас”, заробленых пасля выхаду на замены
Форвард „Шахцёра” Максім Скавыш дасягнуў адзнакі 30 (24+6) ачкоў, набраных па сістэме „гол+пас” пасля выхадаў на замены. Гэта паўтарэнне рэкорда чэмпіянату Беларусі, якім доўгі час валодаў Арцём Ганчарык, які выступаў у 1998-2010 гады за БАТЭ, „Белшыну”, „Шахцёр”, „Віцебск”, „Граніт” і „Нёман” — 30 (18+12). Таксама Скавыш умацаваўся на першай пазіцыі сярод лепшых бамбардзіраў пасля замены – у яго 24 галы. 20 разоў пры падобных абставінах адрозніваўся Уладзімір Хвашчынскі, 19 — Дзмітрый Кавалёнак. Дарэчы, Скавыш спыніўся за крок ад знакавага юбілею: на яго рахунку 99 галоў, забітых у вышэйшай лізе.
Перарвалася рэкордная 58-матчавая серыя „Порту” без паразаў у чэмпіянаце Партугаліі
„Порту” пацярпеў першую паразу ў чэмпіянаце Партугаліі за паўтара года. «Драконы» саступілі «Бразе» 0:1 у 31-м туры. Да гэтага дня яны не прайгравалі з кастрычніка 2020-га года. 58-матчавая серыя без паразаў стала лепшай у гісторыі турніру.
Пасля 31 гульні каманда Сержыу Кансэйсау набрала 82 балы ў гэтым розыгрышы лігі і апярэджвае „Спортынг” на 9 ачкоў (у лісабонцаў пры гэтым ёсць гульня ў запасе).
Месі застанецца ў „ПСЖ”, клуб гатовы расстацца з Неймарам
Нападнік Ліянэль Месі застанецца ў „ПСЖ”. Ён будзе гуляць за каманду ў наступным сезоне, паведамляе Sky Sports. А вось форвард Неймар можа пакінуць клуб. Парыжане гатовы прадаць футбаліста летам, калі атрымаюць дастойную прапанову. Адзначаецца, што МЛС з’яўляецца найбольш магчымым варыянтам працягу кар’еры для Неймара, бо ён сам не раз заяўляў аб сваім жаданні паспрабаваць зайграць там.
У бягучым сезоне 34-гадовы Месі правёў 30 матчаў ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 9 галоў і зрабіў 11 перадач. 30-гадовы Неймар правёў 25 матчаў за „ПСЖ” ва ўсіх турнірах, забіў 11 галоў і аддаў 5 выніковых перадач.
Беларускае Радыё Рацыя