Камандзір сепаратыстаў пацвердзіў, што ў іх былі „БУКі”



Камандзір сепаратысцкага батальёну «Усход» Аляксандр Хадакоўскі пацвердзіў, што прарасейскія сепаратысты мелі ў сваім распараджэнні супрацьпаветраныя ракеты, якія, паводле Вашынгтона, былі выкарыстаныя для збіцця авіялайнера «Боінг-777» малазійскіх авіяліній.

У інтэрв’ю агенцтву Reuters Хадакоўскі прызнаў упершыню пасля катастрофы, якая адбылася ў мінулы чацьвер, што баевікі мелі ў сябе зенітна-ракетны комплекс «БУК».

Ён таксама зазначыў, што гэты «БУК» мог паходзіць з Расеі і пасля быў вывезены туды назад, каб замесці сляды, паведамляе „Радыё Свабода„.

Да таго, як быў збіты малазійскі авіялайнер, сепаратысты хваліліся, што атрымалі комплексы «БУК», якія могуць збіваць самалёты на крэйсерскай вышыні. Аднак пасля катастрофы прадстаўнікі самаабвешчанай «ДНР» неаднаразова адмаўлялі факт наяўнасці ў іх такога ўзбраення.

Ад самага моманту катастрофы, у выніку якой загінула 298 чалавек, самым дыскусійным пытаннем было — хто запусціў ракету, якая збіла самалёт.

Хадакоўскі абвінаваціў кіеўскія ўлады ў тым, што яны справакавалі ракетны ўдар, якім, магчыма, быў збіты малазійскі самалёт, заявіўшы, што Кіеў наўмысна наносіў авіяўдары ў тым раёне, ведаючы, што там размешчаны зенітныя ракеты.

«Я ведаў, што „БУК“ прыбыў з Луганска. Тады мне сказалі, што „БУК“ з Луганска ішоў пад сцягам ЛНР. Я ведаў пра той „БУК“. Я чуў пра яго. Думаю, яны паслалі яго назад. Бо я даведаўся пра яго дакладна ў той момант, калі пачуў, што адбылася трагедыя. Магчыма, яны адаслалі яго назад, каб знішчыць доказы яго існавання», — заявіў Хадакоўскі ў інтэрв’ю агенцтву Reuters.

«Пытанне стаіць так: Украіна атрымала аператыўныя сведчанні, што апалчэнцы маюць гэтую тэхналогію, з віны Расеі. Яна не толькі не зрабіла нічога, каб гарантаваць бяспеку, але і справакавала выкарыстанне гэтага ўзбраення супраць самалёта з цывільнымі пасажырамі», — сказаў ён.

«Яны ведалі пра існаванне гэтага „БУКа“, што гэты „БУК“ накіроўваўся ў Снежнае. Яны ведалі, што ён будзе там разгорнуты, і справакавалі выкарыстанне гэтага „БУКа“, здзейсніўшы авіяўдары па неістотных цэлях, якія іх самалёты не чапалі цэлы тыдзень».

«І ў той дзень яны лёталі вельмі інтэнсіўна і дакладна ў момант пуску ракеты, у момант, калі пралятаў цывільны самалёт, яны нанеслі авіяўдары. Нават калі быў „БУК“ і нават калі гэты „БУК“ быў выкарыстаны, Украіна зрабіла ўсё, каб забяспечыць збіццё цывільнага самалёта», — заявіў Хадакоўскі.