У Камітэце па правах чалавека зарэгістравалі скаргу гомельскага актывіста
Каардынатар моладзевай сеткі незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Андрэй Стрыжак зарэгістраваў у ААН скаргу аб забароне чыноўнікамі Рэчыцы мірнага сходу – 8 верасня 2013 года планавалася вулічнае шэсце супраць пастановы Ураду аб адмене аплаты бальнічных лістоў бацькам, якія выхоўваюць дзяцей. Зараз Ураду Беларусі прыйдзецца шукаць адказ на пытанне, чаму ў краіне на мірныя сходы накладзена фактычнае табу.
Кажа гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка:
– Раней калі маці, якая выхоўвае дзіця да трох гадоў, захварэе, то ёй на працы аплачвалі бальнічны. А зараз не аплачваюць. Андрэй Стрыжак пратэставаў супраць гэтага, прайшоў усе інстанцыі і звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. І ягоная скарга была зарэгістравана.
У Камітэце ААН па правах чалавека ўжо зарэгістравана і разглядаецца яго скарга аб забароне рэчыцкімі чыноўнікамі ў 2012 годзе мірнага сходу ў падтрымку калег з Мікашэвіцкага “Граніту”. Зараз ён зарэгістраваў другую скаргу, каб паказаць, што забарона мірных сходаў у Беларусі носіць сістэматычны характар.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя