Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» асудзілі ўжо пяты раз запар



27 кастрычніка ў судзе Наваполацка пяты раз запар асудзілі старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву, якую затрымалі яшчэ 27 лютага. Справу разглядала сумнавядомая мясцовая суддзя Зінаіда Балаболава, піша «Вясна».

Пяты пратакол на Вольгу зноў склалі па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Папярэднія чатыры пратаколы супраць актывісткі былі за антываенныя акцыі пратэсту. 

Брыцікаву прызналі вінаватай і зноў пакаралі 15-сутачным арыштам. Яе ўтрымліваюць у часовым ізалятары горада Ушачы.

Вольга Брыцікава — старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан». У жніўні 2020 года яна публічна выказала патрабаванні супрацоўнікаў Нафтана, а ў першыя дні вайны запісала відэазварот, у якім выказалася супраць нападу Расеі на Украіну.