Вольга Архіпава: Без Драздовіча не можа быць беларускай культуры!



У беластоцкай галерэі «Арсенал» у межах выставы «Калі сонца нізка – цені доўгія» прайшла лекцыя Вольгі Архіпавай пад назвай «Язэп Драздовіч – трансгрэсіўны мастак».

Даследчыца высока ацаніла твор Драздовіча «Злыя чары», які экспануецца ў галерэі:

– Гэта самы ранні твор Драздовіча. Больш раннія творы нам не вядомыя. Гэта першыя яго спробы, зробленыя яшчэ ў войску падчас армейскай службы. І як гэтая праца трапіла ў Вільню невядома. Хутчэй за ўсё ён сам яе прывёз і перадаў у музей Івана Луцкевіча. І дзякуючы гэтаму, яна захвалася ў Вільні і вось упершыню экспануецца. Гэта 1913 год, гэта сапраўды цуд.

Таксама Вольга Архіпава падкрэсліла важнасць захавання ў Падляшскім музеі тэатральных дэкарацый, створаных Язэпам Драздовічам:

– Мы вельмі спадзяемся, што калі-небудзь рэстаўруюць гэтыя занавесы, і таксама яны будуць экспанавацца ў Беластоку. Яны вялікія, але ж у дрэнным стане. Язэп Драздовіч безумоўна адносіцца да першай плыні беларускага адраджэння. Гэта сапраўды вельмі непарушальны сімвал нацыянальнага адраджэння. Справа ў тым, што менавіта ён стваральнік карціны „Пагоня”, ён прымаў удзел у той арганізацыі «Нашай Нівы», якая існавала ў Вільні.

Пабачыць на свае вочы арыгінальны твор Язэпа Драздовіча «Злыя чары» можна ў межах выставы «Калі сонца нізка – цені доўгія» у працоўныя гадзіны галерэі «Арсенал» да 13 траўня ўключна.

Беларускае Радыё Рацыя