БПЦ заклікае не прыносіць штучныя кветкі на Радаўніцу



Праваслаўныя эколагі патлумачылі, чаму ў Радаўніцу лепш абысціся без штучных кветак. Напярэдадні Радаўніцы — Дня памінання нябожчыкаў — коратка пераказваем іх вам.

Хрысціянства не абавязвае прыносіць на магілу кветкі. Але цалкам натуральна, што так выяўляецца наша памяць і любоў да нябожчыкаў, згаджаюцца аўтары рэкамендацый.

“Кветкі прынята прыносіць нават у храм, месціць іх перад абразамі. Але калі ў храм хрысціяне прыносяць жывыя кветкі, то на могілкі большасць чамусьці прыносіць штучныя кветкі”, —  кажуць ініцыятары экалагічнай праграмы БПЦ.

Яны адзначаюць, што выкарыстанне пластыкавых кветак не нясе багаслоўскай сімволікі. І напамінаюць: штучныя кветкі на сонцы хутка губляюць свой таварны выгляд, затое яны з’яўляюцца сур’ёзнай небяспекай для навакольнага асяроддзя.

“Зазвычай, кветкі вырабляюць з пластыку, ПВХ, пенапласту, для каркаса выкарыстоўваецца метал. Гэта робіць немагчымым слушнае сартаванне і далейшую перапрацоўку смецця. У выніку штучныя кветкі кладуцца на звалку больш, чым на 100 гадоў. Пры раскладанні яны вылучаюць таксічныя рэчывы ў глебу, паветра і грунтовыя воды. А пры спальванні ў навакольнае асяроддзе могуць вылучацца цяжкія металы і дыяксіны”, — кажуць аўтары рэкамендацый.

Ініцыятары экалагічнай праграмы царквы раяць высадзіць на магіле простыя жывыя кветкі, якія дапамогуць зрабіць яе дагледжанай. І напамінаюць:

“Нябожчыкам патрэбна наша малітва і добрыя справы ў іх памяць, а не пластыкавыя кветкі”.

Фота: church.by