Дабрачынная акцыя ў Нью-Ёрку ў падтрымку беларускіх дабраахвотнікаў і палітвязняў
1 траўня ў саборы Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку адбылася мемарыяльная імпрэза, падчас якой прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто ахвяраваў жыццём у барацьбе за вызваленне Беларусі і Украіны. Таксама прадстаўнікі беларускай дыяспары выступілі ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча і іншых палітвязняў, якім, паводле апошніх зменаў у заканадаўстве, можа пагражаць смяротнае пакаранне.
Падчас дабрачыннага аўкцыёну ўдалося сабраць амаль 2,5 тысячы даляраў, якія пойдуць на патрэбы беларускіх дабраахвотнікаў, якія зараз ваююць ва Украіне. Напрыканцы імпрэзы прагучалі беларускія і ўкраінскія народныя песні.
Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Парафіяльнай Рады сабора Св. Кірылы Тураўскага, Беларускай Асветніцкай Лігі Амерыкі (BELA), Беларуска-Амерыканскага Задзіночання БАЗА, Беларуска-Амерыканскага Згуртавання „Пагоня”, Беларускай Фундацыі Крачэўскага, супольнасці „RAZOM for Ukraine”.